Забруджванне Вілейска-Мінскага канала пад Заслаўем вінаватым сышло з рук
Ініцыятар кампаніі “За чыстую ваду”, адказны сакратар БХД Дзяніс Садоўскі атрымаў адказ ад галоўнага прыродаахоўнага ведамства – Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Беларусі на свой зварот па факце забруджвання канала Вілейска-Мінскай воднай сістэмы, якая жывіць тры раёны сталіцы.
“У адказе за подпісам міністра Андрэя Каўхуты падрабязна паведамляецца пра тое, пра што мы і самі ведаем, – сказаў Дзяніс Садоўскі.– Аднак мы не атрымалі адказу на зададзеныя канкрэтныя пытанні: які менавіта “нафтапрадукт” і ў якой колькасці прасачыўся ў канал у Заслаўе і які ўрон нанесены навакольнаму асяроддзю. Засталося таямніцай, хто канкрэтна быў прызнаны вінаватым і пакарана штрафам у 30 базавых велічынь і калі паспеў ТАА “Транспартна-складскі комплекс Еўразія” перайменавацца ў “Лагістычны цэнтр Еўразія”.
Такім чынам, робіць ён высновы, нядбайнасць супрацоўнікаў нафтаперапрацоўчай кампаніі не атрымала належнай прававой ацэнкі. Што называецца – сышло з рук.
Не праведзена маніторынгу усёй займаемай тэрыторыі з пункту гледжання экалагічнай бяспекі. Кантралюючая інспекцыя Мінскага райвыканкаму, якая дапусціла няспраўнасць ліўневай каналізацыйнай сістэмы на тэрыторыі ТАА, увогуле не панесла ніякага пакарання.
“Пазіцыя Мінпрыроды нам ясная: зрабіць выгляд, што нічога страшнага не адбылося і што названае прадпрыемства можа і надалей куды заўгодна зліваць свае “нафтапрадукты”,– падсумаваў адказны сакратар БХД.