Хрысціянскія дэмакраты перадалі ў Мінпрацы прапановы па рэфармаванні пенсійнай сістэмы

20 мая 2016 14:58  |  Галоўныя навіны

Хрысціянскія дэмакраты перадалі ў Мінпрацы прапановы па рэфармаванні пенсійнай сістэмы

Сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя» (БХД) Віталь Рымашэўскі і старшыня аргкамітэта па стварэнні Хрысціянска-дэмакратычнага руху Вольга Кавалькова 20 мая сустрэліся з намеснікам міністра працы і сацыяльнай абароны Валерыем Кавальковым.

Адзначым, што актывісты запісваліся на прыём да міністра Марыяне Шчоткінай, але высветлілася, што сёння прыём грамадзян яна не праводзіла з-за ўдзелу ў сустрэчы з замежнай дэлегацыяй.

Падчас сустрэчы прадстаўнікі БХД перадалі больш за тысячу подпісаў грамадзян, сабраных у падтрымку іх прапаноў аб рэфармаванні пенсійнай сістэмы. Прапановы тычацца пакрокавага правядзення ў краіне пенсійнай рэформы.

БХД, у прыватнасці, прапануе ўвесці ў заканадаўства аб пенсійным забеспячэнні паняцце «страхавы стаж», які уключаў бы наступныя перыяды: праходжання вайсковай альбо альтэрнатыўнай службы; атрымання дапамогі ў сувязі з часовай непрацаздольнасцю; дагляду аднаго з бацькоў за кожным дзіцём да дасягнення ім трох гадоў; атрымання дапамогі па беспрацоўі; утрымання пад вартай асоб, неабгрунтавана прыцягнутых да крымінальнай адказнасці, неабгрунтавана рэпрэсаваных і пасля рэабілітаваных, а таксама перыяд адбыцця пакарання гэтымі асобамі ў месцах пазбаўлення волі і спасылцы; дагляду, які ажыццяўляецца працаздольнай асобай за інвалідам першай групы, дзіцяці-інваліда або за асобай, якая дасягнула ўзросту 80 гадоў.

Актывісты БХД таксама прапануюць Мінпрацы пачаць з дапамогай дзяржаўных СМІ кампанію «па абмеркаванні ў грамадстве розных прапаноў па рэфармаванні пенсійнай сістэмы».

Акрамя таго, лічаць яны, у Беларусі неабходна «забяспечыць аднолькавы ўзровень працоўных пенсій для ўсіх катэгорый грамадзян незалежна ад іх былога сацыяльнага статусу».

Сярод прапаноў – стварыць назапашвальны (страхавы) пенсійны фонд з індывідуальнымі рахункамі для кожнага грамадзяніна, перадаць у яго не менш за 25% акцый дзяржпрадпрыемстваў і 25% сродкаў ад прыватызацыі дзяржмаёмасці і інвеставаць гэтыя сродкі ў прыбытковыя прадпрыемствы.

У БХД таксама прапануюць вярнуць выхад на пенсію мужчын у 60 гадоў, бо сярэдняя працягласць іх жыцця ў Беларусі складае 66 гадоў.

Па словах Рымашэўскага, намеснік міністра часткова пагадзіўся толькі з прапановай аб пашырэнні выкарыстання пенсійнага страхавання. «Склалася ўражанне, што мы жывем у розных краінах. У міністэрстве няма разумення рэальнасці, яны лічаць, што ў сацыяльнай сферы ў Беларусі ўсё добра: заробкі і пенсіі выплачваюцца, беспрацоўе не расце. Падчас сустрэчы я не ўбачыў ні разумення сітуацыі, ні жадання рэфармаваць пенсійную сістэму», – паведаміў палітык.

Naviny.by

Болей навін