Наталлю Бордак дапыталі ў міліцыі адносна дапамогі ўкраінскім жаўнерам
Актывістку аргкамітэту партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Наталлю Бордак дапыталі ў аддзеле крымінальнага вышуку Нясвіжскага РУУС. У міліцыі цікавіліся, ці ўдзельнічала яна ў дабрачыннай акцыі “Дапамажы беларускаму салдату” для ваюючых на Данбасе на баку Украіны беларусаў. Таксама следчы Аляксандр Васілевіч хацеў ведаць, хто яшчэ ўдзельнічаў у дабрачынным мерапрыемстве, якое прайшло ў студзені.
Актывістка адмовілася адказваць на пытанні, якія тычыліся дабрачыннага марафону, і падпісваць любыя дакументы.
“Акрамя таго, яны (міліцыя – рэд.) цікавіліся, чым я займаюся, з кім жыву, дзе працую, як часта ўдзельнічаю ў выставах і аўкцыёнах. Напрыканцы размовы следчы Васілевіч зачытаў паперу (магчыма, пратакол допыту) у прысутнасці двух панятых, на якой распісаліся невядомыя мне мужчыны”, – паведаміла Наталля Бордак.
“Вайна, якую цяжка было ўявіць сабе яшчэ некалькі год таму, сёння больш чым рэальная. Народ Украіны мужна змагаецца за сваю зямлю, за сваю дзяржаўнасць з імперыяй-агрэсарам, якая па колькасці зброі пераўзыходзіць яго ў некалькі разоў. Побач з нашымі братамі-украінцамі змагаюцца і беларусы, бо захопніцкая палітыка Крамля пагражае і Беларусі, і іншым постсавецкім краінам. Менавіта з-за таго, што Украіна так мужна стрымлівае акупантаў з усходу, Беларусь яшчэ дагэтуль не акупавана. Абурае, што актывістаў пераследуюць за дабрачыннасць”, – заявіла Наталля Бордак.