15 чэрвеня ў Маладзечна будуць судзіць Алесю Садоўскую
15 чэрвеня ў 14.15 пачнецца судовае паседжанне па справе Алесі Садоўскай. Разгляд справы адбудзецца ў будынку Маладзечненскага РАУС па адрасе: Маладзечна, вул. Галіцкага, 23.
“Будзьма салідарнымі з Алесяй Садоўскай, якую за спробу дамагчыся ад міліцыянтаў выканання іх службовых абавязкаў збілі, пазбавілі дачкі, прысудзілі да прымусовага псіхіятрычнага лячэння, а цяпер збіраюцца кінуць за краты. Цынізм сітуацыі ў тым, што судзіць Алесю збіраюцца ў тым жа будынку Маладзечненскага РУУС, дзе ў студзені 2013 года з яе чынілі здзекі міліцыянты”, – заклікае мінскі абласны каардынатар БХД Павел Пракаповіч.
“Алеся Садоўская – моцная жанчына, маці-адзіночка непаўнагадовага дзіцяці, якая смела выступіла супраць бязмежжа пярэваратняў у пагонах, зведала ўвесь цяжар карнай псіхіятрыі і растання з дачкой. Сёння Алесі пагражае арышт альбо абмежаванне волі, яе жыццё і здароўе знаходзяцца пад пагрозай. Будзьма салідарнымі з Алесяй, не пакінем яе адну падчас суду! У Беларусі, дзе адсутнічае вяршэнства права, а міліцыі сходзяць з рук жудасныя злачынствы, на месцы Алесі Садоўскай можа апынуцца любы чалавек! Заклікаем усіх неабыякавых грамадзян прыехаць на разгляд справы Алесі Садоўскай і патрабаваць спыніць яе пераслед, аднавіць у правах і прыняць меры да парушальнікаў закону з Маладзечанскага РУУС”, – адзначыў ён.