Дэмакратычныя сілы патрабуюць свабоду Эдуарду Пальчысу
Прадстаўнікі дэмакратычных партый і арганізацый на сталай дзейснай нарадзе выступілі з супольнай заявай з патрабаваннем вызваліць Эдуарда Пальчыса. Свае подпісы пад заявай паставілі Віталь Рымашэўскі, Павел Севярынец, Аляксей Янукевіч, Ірына Вештард, Алена Еськава, Мікола Статкевіч, Генадзь Фядыніч, Вячаслаў Сіўчык, Аляксандр Бухвостаў.
“Эдуард праз адваката заявіў, што не жадае быць палітвязнем. Але мы ўсе ведаем, у якіх умовах знаходзяцца беларускія вязні, асабліва на этапе следства. Тое ж, што ўлады дазволілі адвакату зрабіць гэту заяву, звычайна патрабуючы неразгалошвання, сведчыць, што на Эдуарда можа аказвацца вялікі ціск і яго ўвялі ў зман. Прызнанне яго палітвязнем – гэта адзінае, што можа яго абараніць ад непазбежнага асуджэння. Ён арыштаваны за сваю палітычную дзейнасць і па ўсіх стандартах з’яўляецца палітвязнем”, – падкрэсліў сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі.
Тэкст заявы “Свабоду Эдуарду Пальчысу!”
У студзені 2016 года ў Бранскай вобласці Расійскай Федэрацыі быў затрыманы грамадзянін Рэспублікі Беларусь Пальчыс Эдуард Часлававіч. У Беларусі ён больш вядомы як блогер, заснавальнік сайту 1863х “Джон Сільвер”. 26 мая 2016 года Эдуард быў экстрадаваны ў Беларусь і змешчаны ў СІЗА ў Жодзіна.
Супраць Эдуарда Пальчыса ўзбуджаныя тры крымінальныя справы: за “распальванне міжнацыянальнай варожасці”, “распаўсюд парнаграфіі” і “парушэнне падпіскі аб нявыездзе”.
Насамрэч відавочна, што крымінальны пераслед Эдуарда – помста за ягоныя антыімперскія публікацыі на сайце 1863х. Гісторык паводле адукацыі, Эдуард раскрываў захопніцкую і агрэсіўную сутнасць сённяшняй палітыкі Крамля – і заклікаў беларусаў рыхтавацца да абароны незалежнасці.
Мы лічым справу Эдуарда Пальчыса выключна палітычнай і заклікаем вызнаць яго вязнем сумлення і палітычным вязнем.
Мы патрабуем неадкладнага вызвалення Эдуарда Пальчыса і спынення ягонага пераследу.
Мы звяртаемся да Еўрапейскай супольнасці і ЗША з заклікам прыняць усе магчымыя меры для вызвалення Эдуарда Пальчыса.
Мы заклікаем беларускае грамадства і міжнародную супольнасць да салідарнасці з Эдуардам Пальчысам.