На прамоўцаў БХД у Слонімскім раёне аказваецца ціск
У Слонімскім раёне позвы ў міліцыю атрымалі прамоўца Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Алесь Масюк і кіраўнік яго штабу Іван Бедка, каардынатар БХД у Слоніме. Іх выклікаюць у Слонімскі РАУС за несанкцыянаваны пікет, які прайшоў чатыры месяцы таму і па якім ужо скончыліся ўсе тэрміны даўніны.
“Мы звязваем іх выклік толькі са спробай аказаць ціск на нашых актывістаў падчас парламенцкай кампаніі, бо час на расследаванне адміністратыўнай справы даўно мінуў. У Слоніме сёння балатуецца тая ж самая дырэктар школы, якая ўжо з’яўляецца дэпутатам і якая некалькі месяцаў таму адмовілася сустракаць са слонімцамі і даваць ім справаздачу за сваю дэпутацкую дзейнасць. Адмовілася яна сустракацца на гэты конт і з мясцовымі СМІ, паабяцаўшы зрабіць справаздачу ў чэрвені, але чэрвень мінуў, а справаздачы дагэтуль няма. І відавочна, што гэты чалавек ужо прызначаны на другі тэрмін у Палату прадстаўнікоў, таму ціск на дэмакратычных актывістаў пераследуе ў тым ліку мэту расчысціць дарогу для ўжо прызначаных праўладных кандыдатаў”, – заявіў сустаршыня аргкамітэту па стварэнні БХД Віталь Рымашэўскі.
Позва была на 7 ліпеня, але актывісты яе праігнаравалі. “Часу хадзіць паўсюль падчас перадвыбарчай кампаніі няма, а вынік разгляду ўлады ўсё адно зробяць такім, які будзе найбольш адпавядаць іх інтарэсам”, – адзначыў Іван Бедка.