Дэлегацыя БХД правяла сустрэчы ў МЗС і парламенце Нарвегіі (фота)
17-21 кастрычніка адбыўся чарговы партнёрскі візіт прадстаўнікоў БХД да сястрынскай Хрысціянска-дэмакратычнай партыі Нарвегіі. Дэлегацыю БХД узначаліў выканаўчы сакратар Дзяніс Садоўскі.
У Осла адбыліся сустрэчы ў Міністэрстве замежных спраў з Бордам Торхеймам, палітычным дарадцам міністра замежных спраў, у парламенце Нарвегіі – з лідэрам KrF і дэпутатамі ад фракцыі KrF.
Узнімаліся пытанні мінулай парламенцкай кампаніі ў Беларусі і непрызнання “выбараў” з боку кампаніі “Права выбару – 2016” і АБСЕ, а таксама парушэнні правоў чалавека, у прыватнасці права на свабоду арганізацый і нерэгістрацыя партыі БХД.
У Ставангеры прадстаўнікі БХД Алесь Масюк і Аляксандр Кавалькоў сустрэліся з віцэ-мэрам Б’ёрг Тусдаль Мо і губернатарам Ругалана Солвей Тэнгесдаль.
Хрысціянскія дэмакраты Беларусі вывучалі вопыт арганізацыі аховы здароўя ў Нарвегіі на нацыянальным, рэгіянальным і муніцыпальным узроўнях, наведвалі разнастайныя грамадскія арганізацыі, якія працуюць у сферы аказання паслуг насельніцтву па гэтай тэме.