Віцебскія ўлады: музей Бацькі Міная і помнік Караткевічу пакуль пераносіць не будуць
Праца па праектаванні Паўночнага мастовага пераходу праз раку Дзвіна ў Віцебску ў раёне вуліцы Чэхава не вядзецца. У гэтай сувязі ніякіх рашэнняў аб пераносе будынка Віцебскага абласнога музея Героя Савецкага Саюза Міная Шмырова і помніка Уладзіміру Караткевічу Віцебскім гарвыканкамам не прымалася і ў бліжэйшы час прымацца не плануецца. Пра гэта гаворыцца ў адказе старшыні Віцебскага гарсавета дэпутатаў Уладзіміра Бялевіча на калектыўны зварот гараджанаў.
Паводле генеральнага плану Віцебска, менавіта па вуліцы Чэхава павінна прайсці шасціпалосная абводная дарога да плануемага Паўночнага мосту праз Дзвіну. Для гэтага плануецца перанесці музей Бацькі Міная, які месціцца ў гістарычным будынку 19-га стагоддзя, разам з мемарыяльным комплексам. А для помніка месца ў плане не знайшлося. Да таго ж дарога знішчыць і палову парку Партызанскай славы.
“Карэкціроўка генеральнага плана горада, у адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам, будзе выконвацца пасля 2020 года і ў яе складзе магчыма вярнуцца да пытання увядзення Паўночнага мастовага пераходу. Дадаткова паведамляем, што пры праектаванні генеральных планаў у абавязковым парадку праводзяцца грамадскія абмеркаванні праектаў у мэтах уліку грамадскай думкі і захавання інтарэсаў грамадзян і юрыдычных асоб. У тым ліку і па вышэйназванным пытанні”, – гаворыцца ў адказе.
“Пажывем-паглядзім, але з досведу ведаем, як фармальна праводзяцца так званыя грамадскія абмеркаванні, улічваюцца думкі і інтарэсы грамадзян – даверу малавата”, – адзначыла каардынатар аргкамітэту БХД у Віцебску Таццяна Севярынец.
Між тым, як высветлілася, Віцебскія ўлады не ведаюць, у каго на балансе знаходзіцца помнік Уладзіміру Караткевічу, усталяваны ў 1994 годзе і прыступкі да якога гараджане хацелі адрамантаваць за свой кошт. Не ведаюць пра гэта ні ў аблвыканкаме, ні ў гарвыканкаме. Адхрысціўся ад помніка і яго аўтар, скульптар І. Казак, а ў аддзеле па зваротах грамадзян гарвыканкама увогуле выказалі меркаванне, што помнік безгаспадарны. Толькі ў аддзеле культуры папрасілі даць пару дзён на высвятленне пытання, куды ж звяртацца і якія паперы трэба падрыхтаваць, каб адрамантаваць пяць прыступак ды замацаваць некаторыя пліткі.