Віталь Рымашэўскі: савецкія схемы з экзаменацыйнымі камісіямі не гарантуюць аб’ектыўнасць школьных іспытаў
Сустаршыня аргкамітэту Партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя Віталь Рымашэўскі раскрытыкаваў прапанову міністра адукацыі Міхаіла Жураўкова ўвесці “незалежныя іспыты” за 9 і 11 класы ў школах.
“Пры сённяшняй сістэме адукацыі стварэнне ніякіх незалежных камісій па экзаменацыйнай атэстацыі школьнікаў немагчыма, бо сістэма адукацыі цалкам іерархічная, ідэалагізаваная і карумпаваная. Увядзенне іспытаў за 9 і 11 класы толькі павялічыць колькасць нефармальных пабораў і хабараў, якія будуць браць з бацькоў вучняў”, – адзначыў ён.
“Хрысціянскія дэмакраты маюць прапановы па рэформе сістэмы адукацыі. Іх важным элементам з’яўляецца непарыўнасць адукацыі. Агульнанацыянальнае тэставанне мусіць праводзіцца як і ў заходняй сістэме адукацыі па выніках навучання ў школе, і яго вынікі мусяць быць прымальныя для большасці ВНУ. Безумоўна, тэставанне мусіць быць ананімным. Ніякія старыя савецкія схемы са складаннем экзаменацыйных камісій і здачы ім іспытаў абсалютна не гарантуюць аб’ектыўнасць, асабліва ўлічваючы нашу цалкам залежную ад чыноўнікаў сістэму адукацыі”, – падкрэсліў сустаршыня БХД.