Праграма БХД. Беларуская нацыянальная ідэя
1.2. Беларуская нацыянальная ідэя
1.2.1. Мы грунтуемся на тым, што беларуская нацыянальная ідэя зыходзіць з падставовых прынцыпаў хрысціянскага светапогляду: свабоды, веры, любові, справядлівасці, роўнасці, салідарнасці і адказнасці. Спазнанне гэтых найвышэйшых ісцін, следаванне ім у паўсядзённым жыцці і ёсць сутнасцю духоўнага адраджэння.
1.2.2. Беларуская нацыянальная ідэя – гэта місія, сэнс існавання беларускага народу. Любая нацыянальная ідэя абумоўлена адпаведнай гісторыяй, тэрыторыяй, часам, менталітэтам, узаемадачыненнямі з суседзямі. Адчуванне гэтага Богам дадзенага наканавання, усведамленне сваёй унікальнасці і непаўторнасці, свайго прызначэння менавіта на гэтай зямлі, у гэты час і ёсць нацыянальнай ідэяй. У кожнай нацыі ёсць вялікая задума Божая, кожнаму народу Бог дае непаўторныя дарункі – духоўныя, культурніцкія, светапоглядавыя. Кожны народ мусіць несці адказнасць перад Богам за гэтыя дарункі і служыць ім, і іншым народам, і ўсяму свету.
1.2.3. Мы лічым, што нашы гістарычныя нацыянальныя сімвалы – бел-чырвона-белы сцяг, як плашчаніца з крывёю ўкрыжаванага і ўваскрослага Хрыста, герб “Пагоня” з крыжам Святой Ефрасінні, гімн “Магутны Божа”, якія найбольш поўна выражаюць змест спрадвечнага імкнення беларускага народу да хрысціянскай чысціні і духоўнасці, рашучасць высілкаў нацыі для дасягнення праўды і справядлівасці – павінны стаць дзяржаўнымі сімваламі Беларусі. Мы заклікаем да вяртання, павагі і шанавання нацыянальнай гістарычнай сімволікі Беларусі як неад’емнай часткі нашай гістарычнай і культурнай спадчыны.
1.2.4. Мы таксама прызнаем права на існаванне і выкарыстанне любой іншай сімволікі, якая прымаецца канстытуцыйным чынам беларускім грамадствам, за выключэннем сімволікі, звязанай з прапагандай нацысцкай, бальшавіцкай ці любой іншай ідэалогіі, не сумяшчальнай з хрысціянствам, годнасцю і свабодай чалавека.
1.2.5. Для нас нацыянальная ідэя – гэта не тое, што народ думае пра сябе ў часе, а тое, што Бог думае пра гэты народ у вечнасці. Мы пазнаем замысел Божы для Беларусі ў хрысціянскім змесце нацыянальнай ідэі, нацыянальных сімвалах, асаблівасцях менталітэту, гістарычнай місіі і культуры, асобах герояў. Для нас відавочна – нацыянальная свядомасць робіць веру ў Хрыста больш глыбокай, а вера адкрывае несвядомаму Радзіму.
З Праграмы БХД “Народная партыя з хрысціянскім сэрцам”, прынятай 13 чэрвеня 2015 года