Праграма БХД. Аб’яднанне народа
1.3.1. Мы разумеем паняцце “народ” у біблейскім сэнсе – як сукупнасць мінулых, сённяшніх і будучых пакаленняў, з’яднаных у гістарычную супольнасць месцам жыхарства, паходжаннем, свядомасцю, мовай, культурай і асаблівым духоўным кодам, пакліканнем і прызначэннем. Мы адказныя за сваю краіну найперш перад Богам і суайчыннікамі, а таксама перад продкамі і нашчадкамі.
1.3.2. Найважнейшая задача БХД – кансалідацыя грамадства вакол ідэяў духоўнага адраджэння Беларусі, незалежнасці, дэмакратыі, гістарычнай пераемнасці і адказнасці за нацыянальную гісторыю і культуру, стварэнне на гэтай базе шматаблічнага і паўсюднага нацыянальнага руху. Абарона хрысціянскіх каштоўнасцяў, суверэнітэту і дэмакратыі, змаганне са спадчынай таталітарнага савецкага рэжыму, з русіфікацыяй і наступствамі Чарнобылю, заслон спробам паняволення, распродажу Беларусі, адпор агрэсіі крыміналу патрабуюць гуртавання ў адзіны народны рух усіх здаровых сіл грамадства: палітычных партыяў і арганізацыяў, сацыяльных груп і асобных грамадзян.
1.3.3. З сённяшнім цяжкім становішчам у краіне пад сілу справіцца толькі ўсяму народу, свядомасць якога прасякнута духам хрысціянскага адраджэння і нацыянальнай ідэяй. Пакліканне БХД заключаецца ў тым, каб стаць ідэалагічным і арганізацыйным ядром такога ўсенароднага руху. Такім чынам, стварэнне дзейснага нацыянальнага руху, угрунтаванага на хрысціянскіх каштоўнасцях, з’яўляецца галоўнай аб’яднаўчай стратэгіяй БХД, а таксама асноўным матывам міжпартыйных дачыненняў і пагадненняў. Пры правядзенні агульнанацыянальных кампаніяў, выбараў ці акцыяў пратэсту мы павінны быць упэўненыя ў тым, што нашыя хаўруснікі адстойваюць менавіта маральныя каштоўнасці, нацыянальныя інтарэсы і перспектывы адраджэння, і што вынікі нашай супольнай працы не будуць супярэчыць нашым памкненням.
1.3.4. БХД лічыць, што беларускія населеныя пункты, вуліцы і плошчы не павінны насіць імёнаў тых людзей, якія выкаранялі веру, знішчалі беларусаў за іх беларускасць, забівалі невінаватых пад лозунгамі “класавай барацьбы” і “сусветнай рэвалюцыі”, а таксама адпаведных падзеяў і з’яваў: Леніна, Дзяржынскага, Карла Маркса, Кірава, Свярдлова, Суворава і іншых, Кастрычніцкай рэвалюцыі, камунізму і да т. п. Як толькі зменіцца ўлада – БХД правядзе перайменаванне адпаведных назваў пакетам, маючы на мэце найперш ушанаванне памяці выбітных землякоў і аднаўленне ў тапаніміцы гістарычнай справядлівасці.
З Праграмы БХД “Народная партыя з хрысціянскім сэрцам”, прынятай 13 чэрвеня 2015 года
#100гадоўБХД