Сусветны поспех хрысціянскай дэмакратыі
Яшчэ да ІІ сусветнай вайны хрысціянскія дэмакраты сфармавалі масавыя і папулярныя партыі ў Францыі, Аўстрыі, Баварыі, Нідэрландах, Польшчы, Літве, Беларусі і іншых еўрапейскіх краінах.
Пасля паразы нацызму і фашызму ў 1945 годзе менавіта хрысціянская дэмакратыя на хвалі пакаяння і вяртання да маральных каштоўнасцяў прывяла да трыумфальнага аднаўлення і яднання Еўропы. Менавіта хрысціянскія дэмакраты Рабэр Шуман, Конрад Адэнаўэр, Альчыдэ дэ Гаспэры стаялі ля вытокаў сучаснага Еўрапейскага Звязу.
Хрысціянска-дэмакратычныя партыі Нямеччыны, Італіі, Бельгіі, Нідэрландаў сталі кіруючымі – і на дзесяцігоддзі нароўні з сацыял-дэмакратамі заклалі асновы палітычнай сістэмы ў сваіх краінах.
На 1950-1970-яя гады прыпаў і росквіт хрысціянскай дэмакратыі ў Лацінскай Амерыцы. У Чылі, Венесуэле, Эквадоры кіруючыя хрысціянскія дэмакраты аказалі вялізны уплыў на фармаванне дзяржаўнасці, эканамічныя поспехі і зрабілі вялікі ўнёсак у тэорыю хрысціянскай дэмакратыі і хрысціянскага сацыяльнага руху (Рафаэль Кальдэра, Эдуарда Фрэй Мантальва і іншыя).
З кнігі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя”