Апазіцыйныя партыі плануюць «Марш недармаедаў»
Арганізатары «Маршу недармаедаў» супраць дэкрэта прэзідэнта № 3 «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства», запланаванага на 15 сакавіка, маюць намер гарантаваць максімальную бяспеку яе ўдзельнікам, піша БелаПАН.
Пра гэта было заяўлена прадстаўнікамі аргкамітэта па правядзенні мерапрыемства 23 студзеня на прэс-канферэнцыі ў Мінску.
У аргкамітэт «Маршу недармаедаў» (раней акцыя анансавалася як «Марш дармаедаў») уваходзяць дзевяць арганізацый: Беларуская партыя левых «Справядлівы свет», Аб’яднаная грамадзянская партыя, рух «За Свабоду», аргкамітэты па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя», Партыі працоўных і партыі «Надзея», Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), Беларуская партыя «Зялёныя» і грамадзянская кампанія «Наш дом».
Заяўка на правядзенне акцыі будзе перададзеная ў Мінгарвыканкам 30 студзеня.
Яе ініцыятары, паведаміў старшыня АГП Анатоль Лябедзька, маюць намер прасіць улады дазволіць шэсце ад будынка Нацыянальнай акадэміі навук у напрамку плошчы Бангалор.
«Па гэтым маршруце ўлады ўжо давалі дазвол на правядзенне шэсцяў. Нам важна, каб у акцыі ўзялі ўдзел як мага больш новых людзей. Таму мы гатовыя пайсці на нейкія патрабаванні ўладаў, нават калі ў душы і не згодныя з імі», — сказаў палітык.
Адказны сакратар БХД Дзяніс Садоўскі нагадаў, што ў краіне створаны аргкамітэт па правядзенні яшчэ адной акцыі — «Маршу раззлаваных беларусаў» супраць незаконных пабораў уладаў, якая ініцыюецца Беларускім нацыянальным кангрэсам і прызначаная на 17 лютага.
«Чым больш акцый супраць дэкрэта № 3, тым лепш. Да таго ж у маршаў розны фармат, — зазначыў Садоўскі. — «Марш раззлаваных беларусаў» — больш радыкальны. «Марш недармаедаў» — для тых, хто пакуль не гатовы выходзіць на радыкальныя акцыі, але гатовы абараняць свае правы без пагрозы быць затрыманым або аштрафаваным».
Прадстаўнікі аргкамітэта «Маршу недармаедаў» таксама паведамілі, што акцыі супраць дэкрэта аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства плануецца правесці і ў рэгіёнах. У прыватнасці, вулічныя акцыі рыхтуюцца на 19 лютага ў Магілёве і Гомелі.