Арганізатары «Маршу недармаедаў» падалі ўладам Мінска заяўку на яго правядзенне (відэа)
У Менскі гарвыканкам у панядзелак, 30 студзеня пададзена заяўка на правядзенне 15 сакавіка «Марша недармаедаў» супраць дэкрэта прэзідэнта № 3 “Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства». Пра гэта БелаПАН паведаміў адзін з заяўнікаў акцыі, адказны сакратар аргкамітэта па стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Дзяніс Садоўскі.
Свае подпісы пад заявай у гарвыканкам таксама паставілі старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ірына Вештард, намеснік старшыні Беларускай партыі “Зялёныя” Дзмітрый Кучук і актывіст Аб’яднанай грамадзянскай партыі Уладзімір Лабудоў.
Арганізатары акцыі просяць дазволіць шэсце ад будынка Нацыянальнай акадэміі навук да плошчы Бангалор. «Фармат акцыі прадугледжвае, што гэта будзе шэсце не для апазіцыі, а для новых людзей, якія не задаволеныя ўказам і якія ўжо цяпер гатовыя адстойваць свае правы. Плануецца, што акцыя будзе дазволена, і яе фармат дазволіць прыняць у ёй удзел максімальнай колькасці людзей», – сказаў Садоўскі.
Паводле яго слоў, марш пройдзе «пад лозунгамі адмовы ад выплаты падатку на «дармаедства» як неканстытуцыйнага і абароны сваіх правоў».
У аргкамітэт «Марша недармаедаў» уваходзяць Беларуская партыя левых «Справядлівы свет», Аб’яднаная грамадзянская партыя, рух «За Свабоду», аргкамітэты па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя», Партыі працоўных і партыі “Надзея”, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада ), Беларуская партыя “Зялёныя” і грамадзянская кампанія «Наш дом».
Пра стварэнне аргкамітэту было заяўлена 19 студзеня пасля таго, як грамадзянам Беларусі сталі масава прыходзіць патрабаванні падатковай аб выплаце збораў.
Як паведамлялася раней, на 17 лютага намечана правядзенне яшчэ адной акцыі супраць дэкрэта № 3 – «Марша раззлаваных беларусаў» супраць незаконных пабораў уладаў, якія ініцыююцца Беларускім нацыянальным кангрэсам.
Дэкрэт № 3 абавязвае грамадзян Беларусі, якія пастаянна пражываюць на тэрыторыі краіны замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія не ўдзельнічалі ў фінансаванні дзяржаўных расходаў або ўдзельнічалі ў такім фінансаванні менш 183 каляндарных дзён у мінулым годзе, выплачваць збор у 20 базавых велічынь (цяпер 460 рублёў).