Круглы стол па АЭС: будаўніцтва – спыніць, Чарнобыльскі шлях – да адміністрацыі Лукашэнкі (фота)

31 студзеня 2017 21:03  |  Галоўныя навіны

Круглы стол па АЭС: будаўніцтва – спыніць, Чарнобыльскі шлях – да адміністрацыі Лукашэнкі (фота)

Удзельнікі прадстаўнічага круглага стала “Спыніць будаўніцтва АЭС у Беларусі!” 31 студзеня прынялі выніковую рэзалюцыю з патрабаваннем спыніць будаўніцтва Астравецкай АЭС, арганізаваць міжнародную канферэнцыю па гэтым пытанні і накіраваць Чарнобыльскі Шлях да рэзідэнцыі Лукашэнкі.

У працы круглага стала ўдзельнічала міністр-дарадца пасольства Літвы ў Беларусі Ірэна Ведрыцкайтэ.

15 лютага а 12:00 на Сядзібе БНФ у Менску (Чарнышэўскага 3) адбудзецца першае паседжанне аргкамітэту Чарнобыльскага шляху-2017.

Поўны тэкст заявы Круглага стала:


СПЫНІЦЬ БУДАЎНІЦТВА АЭС У БЕЛАРУСІ!

Пад Астраўцом у Беларусі працягваецца будаўніцтва атамнай электрастанцыі. Рашэнне пра пабудову АЭС у краіне, якая ў 1986 годзе перажыла Чарнобыльскую катастрофу, было прынятае афіцыйнымі ўладамі насуперак меркаванню грамадскасці, незалежных і міжнародных экспертаў.

АЭС на Астравецкай пляцоўцы будаваць катэгарычна нельга: навукоўцы ўжо даказалі небяспеку гэтага месца для размяшчэння атамнай электрастанцыі.

За апошнія некалькі месяцаў на будоўлі адбыўся шэраг аварыяў і няшчасных выпадкаў. Выканаўца вымушаны быў замяніць рэактар, які абрынуўся з вышыні на зямлю – але пры перавозцы рэактара да Астраўца новы рэактар зноў быў пашкоджаны.

Мы, удзельнікі круглага стала “Спыніць будаўніцтва АЭС у Беларусі!”, выказваем абурэнне тым, што, нягледзячы на небяспеку выбранай пляцоўкі, сур’ёзныя аварыі і няшчасныя выпадкі, у Астравецкім раёне Беларусі працягваецца будаўніцтва атамнай электрастанцыі паводле расейскага праекту.

Пастаянныя інцыдэнты ў працэсе будаўніцтва і ўсталявання рэактару пацвярджаюць самыя змрочныя прагнозы і трывогі экспертаў, назіральнікаў, эколагаў і жыхароў Беларусі: запуск АЭС у Астраўцы можа выліцца ў катастрофу і для нашай краіны, і для еўрапейскіх краінаў.

Мы патрабуем ад афіцыйных уладаў неадкладна спыніць будаўніцтва АЭС.

Мы заклікаем міжнародную супольнасць, экспертаў, кіраўнікоў дэмакратычных сілаў падрыхтаваць і правесці ў Менску прадстаўнічую канферэнцыю, прысвечаную абмеркаванню і распрацоўцы шляхоў спынення будаўніцтва АЭС пад Астраўцом.

Мы заклікаем прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў і экалагічных рухаў арганізаваць Чарнобыльскі шлях-2017 пад лозунгам “Стоп АЭС у Беларусі!” – і правесці заключны мітынг Шляху непасрэдна каля Адміністрацыі прэзідэнта ці будынку Савета міністраў.

Лепін Георгій Фёдаравіч, фізік, доктар тэхнічных навук, прафесар
Дубавой Мікалай Іванавіч, акадэмік МАІТ
Севярынец Павел Канстанцінавіч, сустаршыня партыі Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя
Янукевіч Аляксей Антонавіч, старшыня Партыі БНФ
Вештард Ірына Зянонаўна, старшыня партыі Беларуская Сацыял-Дэмакратычная Партыя Грамада
Кучук Дзмітрый, прадстаўнік Беларускай Партыі Зялёных
Уласевіч Мікалай Міхайлавіч, каардынатар кампаніі “Стоп АЭС у Беларусі!”, Астравецкі раён
Крук Іван Фёдаравіч, прадстаўнік Аб’яднанай Грамадзянскай Партыі, Астравец
Аўтуховіч Мікалай, кіраўнік прафсаюза прадпрымальнікаў “Салідарнасць”
Талстая Алена Ўладзіміраўна, сустаршыня Руху салідарнасці “Разам!”
Багінская Аўгіння Ніна, Кансерватыўна-Хрысціянская Партыя БНФ
Туровіч Аляксей, рэжысёр
Астапенка Анатоль, пісьменнік,
Пракаповіч Павел, кіраўнік Мінскай абласной арганізацыі БХД
І іншыя – агулам 23 удзельнікі.

Менск, 31 студзеня 2017 года.

Фота svaboda.org

Круглы стол па АЭС: будаўніцтва – спыніць, Чарнобыльскі шлях – да адміністрацыі Лукашэнкі (фота)
Круглы стол па АЭС: будаўніцтва – спыніць, Чарнобыльскі шлях – да адміністрацыі Лукашэнкі (фота)
Круглы стол па АЭС: будаўніцтва – спыніць, Чарнобыльскі шлях – да адміністрацыі Лукашэнкі (фота)
Круглы стол па АЭС: будаўніцтва – спыніць, Чарнобыльскі шлях – да адміністрацыі Лукашэнкі (фота)
Круглы стол па АЭС: будаўніцтва – спыніць, Чарнобыльскі шлях – да адміністрацыі Лукашэнкі (фота)

Болей навін