Дзяніс Садоўскі: Прапановы Ярмошынай ніяк не паўплываюць на дэмакратычнасць выбараў
Адзін з кіраўнікоў кампаніі “Права выбару”, адказны сакратар Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Дзяніс Садоўскі пракаментаваў агучаныя старшынёй ЦВК Лідзіяй Ярмошынай прапановы па рэформе выбарчага заканадаўства: спрасціць працэс перадвыбарнай агітацыі, зменшыць працягласць працы выбарчых камісіяў і рэгістраваць кандыдатаў пры наяўнасці памылак у дэкларацыі.
“Беларускае выбарчае заканадаўства патрабуе сур’ёзных зменаў, каб была магчымасць правесці выбары паводле дэмакратычных стандартаў. Тое, што прапануе ЦВК, – гэта ніякія не змены, якія ніяк не паўплываюць на дэмакратычнасць і празрыстасць выбарчага працэсу», – заявіў ён.
Дзяніс Садоўскі нагадаў, што кампанія “Права выбару”, у якую уваходзяць розныя палітычныя арганізацыі, настойвае на трох асноўных пазіцыях, якія сапраўды могуць палепшыць працэс выбараў у Беларусі.
1) у склад кожнай выбарчай камісіі павінны ўключацца прадстаўнікі штабоў кандыдатаў, якія балатуюцца па дадзенай акрузе (пры іх жаданні).
2) адмовіцца ад прымусу да датэрміновага галасавання і скараціць час датэрміновага галасавання да аднаго дня. Пры гэтым дастаткова, каб на адной акрузе працаваў толькі адзін участак, дзе можна было прагаласаваць датэрмінова.
3) Падлік галасоў павінен адбывацца празрыста і галосна, калі назіральнік, не замінаючы працы выбарчай камісіі, можа выразна бачыць кожны бюлетэнь і галачку ў кожным бюлетэні, пры гэтым змест бюлетэня абвяшчаецца ўслых, а таксама бачыць, што ўсе бюлетэні раскладваюцца па правільных стопках за адпаведнага кандыдата.