Пададзеная паўторная заяўка на дэманстрацыю да Дня Волі 25 сакавіка

08 лютага 2017 19:23  |  Галоўныя навіны

Пададзеная паўторная заяўка на дэманстрацыю да Дня Волі 25 сакавіка

У Мінгарвыканкам 8 лютага паўторна пададзеная заяўка на правядзенне 25 сакавіка дэманстрацыі з нагоды Дня Волі. Таксама заяўнікі накіравалі ў Мінгарвыканкам прапанову аб сустрэчы з кіраўніком Мінгарвыканкама дзеля абмеркавання арганізацыі ды правядзення масавага мерапрыемства (дакумент публікуецца).

Дзень Волі 2016. Самыя яркія фота Як паведаміў БелаПАН старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, прадстаўнік Мінгарвыканкама запэўніў арганізатараў, што заяўка зарэгістраваная, і назваў рэгістрацыйны нумар.

Подпісы пад заяўкай паставілі кіраўнік Мінскай гарадской арганізацыі Партыі БНФ Зьміцер Каспяровіч, прадстаўнікі руху «За Свабоду» Аляксандр Русевіч, аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Дзяніс Садоўскі, Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ягор Віняцкі, і руху салідарнасці «Разам» Аляксандр Макаў.

Заяўнікі просяць дазволіць правесці акцыю ў наступным фармаце: збор удзельнікаў акцыі на пляцоўцы каля будынка Нацыянальнай акадэміі навук і шэсце па праспекце Незалежнасці да парку Янкі Купалы.

Першая заяўка на правядзенне акцыі была перададзеная ў Мінгарвыканкам 6 студзеня. 7 лютага стала вядома, што ўлады далі адмоўны адказ. У лісце за подпісам кіраўніка спраў гарвыканкама Ганны Мацельскай гаварылася, што ў гарвыканкам быў пададзены толькі дакумент пад назвай «Абавязацельствы па арганізацыі і правядзенні масавага мерапрыемства (дэманстрацыі)». Уласна заяўкі на правядзенне шэсця пададзена не было, як гэта прадугледжана законам «Аб масавых мерапрыемствах».

Акрамя таго, улады горада ўгледзелі ў дзеяннях заяўнікаў парушэнне згаданага закона, які абвяшчае, што «арганізатары масавага мерапрыемства не маюць права аб’яўляць у СМІ, сетцы інтэрнэт або іншых інфармацыйных сетках пра дату, месца і час яго правядзення, вырабляць і распаўсюджваць з гэтай мэтай улёткі, плакаты і іншыя матэрыялы». На падставе гэтага, паведаміў Мінгарвыканкам, «станоўча вырашыць разгляданае пытанне» аб дазволе шэсця ў Дзень Волі «не ўяўляецца магчымым».

Заяўнікі акцыі, у сваю чаргу, сцвярджалі, што ў студзені ў Мінгарвыканкам быў перададзены ўвесь пакет неабходных дакументаў. Тым не менш аргкамітэт святкавання Дня Волі вырашыў падаць паўторную заяўку.

8 лютага 2017 году,

горад Мінск

Зварот

Паважаны Андрэй Віктаравіч,

зьвяртаемся да Вас з прапановай правесьці ў бліжэйшыя тыдні каардынацыйную сустрэчу па пытаньні арганізацыі ды правядзеньня ў Мінску дэманстрацыі 25 сакавіка з нагоды 99-х угодкаў абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі з удзелам кіраўніцтва Мінскага гарадзкога выканаўчага камітэту і кіраўнікоў палітычных партыяў ды грамадзкіх арганізацыяў, якія ўваходзяць у арганізацыйны камітэт па адзначэньні, а таксама заяўнікаў масавага мерапрыемства 25 сакавіка.

Мы перакананыя, што сустрэча ў такім фармаце да вынясеньня рашэньня Мінгарвыканкаму адносна пададзенай заяўкі зьяўляецца крытычна неабходнай. Мы лічым непрымальнай тую практыку, якая склалася цягам мінулых гадоў, калі Мінскі гарадзкі выканаўчы камітэт прымае рашэньні аб зьмене заяўленага маршруту масавых мерапрыемстваў да Дня Волі 25 сакавіка, а таксама іншых, абсалютна без абмеркаваньня ды ўзгадненьня з арганізатарамі мерапрыемстваў і без тлумачэньня прычынаў адмовы ў заяўленым фармаце шырокай грамадзкасьці. Мы настойваем на адкрытым абмеркаваньні.

З увагі на тое, што кіраўніцтва многіх дэмакратычных партыяў, грамадзкіх арганізацыяў ды ініцыятываў фактычна пазбаўленае сёньня права быць заяўнікамі ды арганізатарамі масавых мерапрыемстваў, мы падкрэсьліваем важнасьць удзелу ў каардынацыйнай сустрэчы ў Мінгарвыканкаме менавіта палітычнага кіраўніцтва арганізацыяў, што ўдзельнічаюць у аргкамітэце, разам з заяўнікамі масавага мерапрыемства.

Мы спадзяемся, што, як і мы, Вы таксама гатовыя паклапаціцца пра тое, каб мерапрыемства па адзначэньні 99-х угодкаў абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі ў Мінску прайшло мірна, годна, з захаваньнем бясьпекі ды інтарэсаў жыхароў беларускай сталіцы ды гасьцей гораду, без запалохваньняў ды перасьледу ўдзельнікаў сьвяточнага мерапрыемства.

Мы спадзяемся, што, як і мы, Вы зьяўляецеся адданым патрыётам нашай Радзімы і гатовыя спрыяць дыялёгу ў грамадзтве, пераадоленьню ўсіх падзелаў ды нацыянальнай кансалідацыі дзеля абароны ды ўмацаваньня незалежнасьці нашай краіны перад абліччам любых пагрозаў.

Мы заклікаем Вас да шчырага і сумленнага дыялёгу.

З павагай,

Старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч

Старшыня РПГА “Рух “За Свабоду” Юрый Губарэвіч

Старшыня АГП Анатоль Лябедзька

Сустаршыня аргкамітэту БХД Віталь Рымашэўскі

прадстаўнік Руху салідарнасьці “Разам” Алена Талстая

Narodny.org

Болей навін