Таццяна Севярынец параіла памочніку Лукашэнкі збіраць грошы з тых, хто пускае на вецер грошы падаткаплацельшчыкаў

Каардынатар аргкамітэта Беларускай хрысціянскай дэмакратыі па Віцебску і Віцебскай вобласці Таццяна Севярынец 16 лютага наведала прыём, які зладзіў памочнік прэзідэнта – галоўны інспектар па Віцебшчыне Аляксандр Пазняк наконт “дэкрэту пра дармаедаў”, з патрабаваннем адмяніць яго цалкам, абгрунтаваўшы гэта тым, што ён парушае правы чалавека і 41-ы артыкул Канстытуцыі Беларусі.
“Дзяржава не забяспечвае грамадзян працай з прыстойным заробкам, нахабна лазіць па кішэнях беларусаў замест таго, каб знайсці неабходныя на сваю жыццядзейнасць сродкі ў тых, хто бессаромна пускае на вецер грошы падаткаплацельшчыкаў, хто стварае карупцыю, якая прынамсі ў Віцебскай вобласці за 2016 год вырасла з 121 справы да 148”, – адзначыла Таццяна Севярынец.
Разам з тым Аляксандр Пазняк хоць і падзякаваў за пазіцыю і неабыякавасць, заявіў, што лічыць указ неабходным, хоць змест яго патрабуе карэкцыі. Дзеля таго, паводле яго, і праводзяцца па ўсёй краіне падобныя сустрэчы.
Па дадзеных уладаў, “лісты шчасця” толькі ў Першамайскім раёне Віцебска атрымалі больш за 11000 чалавек.