Віталь Рымашэўскі. Ад 17 лютага да 15 сакавіка. Салідарнасць – першы крок да перамогі
Чаму асабіста я ўдзельнічаў ў маршы пратэсту 17 лютага? Удзельнічаў, каб выказаць сваю салідарнасць з арганізатарамі і ўдзельнікамі. Удзельнічаў у якасці шараговага мітынгоўца, бо сёння няважна, хто арганізатар. Важна падтрымліваць салідарнасць, калі мы хочам дасягнуць мэты.
Пасля абвяшчэння падрыхтоўкі Маршу недармаедаў 15 сакавіка Мікола Статкевіч і Уладзімір Някляеў абвясцілі сваю акцыю 17 лютага. Нягледзячы на тое, што гэта дзве розныя акцыі і ў іх розныя ініцыятары, яны маюць адну мэту. Спадзяюся, што арганізатары акцыі 17 лютага таксама далучацца да Маршу недармаедаў 15 сакавіка (заяўка пададзена на Акадэмію Навук, 18:00).
Дэмакратычны лад немагчымы ў грамадствах, дзе ў большасці адсутнічае воля і жаданне несці адказнасць за свой лёс і лёс сваёй краіны. Дэмакратыя магчымая толькі там, дзе ёсць Грамадзяне, якія адчуваюць персанальную адказнасць за дзяржаву, змагаюцца за яе шлях. І ўлада, і палітычная апазіцыя ў кожнай краіне – вытворчая ад грамадства. Палітычныя эліты і апазіцыйныя лідары, якімі б яны не былі, не могуць нічога змяніць без крытычнай масы не проста незадаволеных, але і актыўных грамадзян.
Калі бачыш новыя твары на акцыях пратэсту, разумееш – Беларусь паступова прачынаецца, хоць гэты працэс ідзе вельмі павольна. На жаль, 17 лютага не было многіх людзей, на якіх была скіраваная гэтая акцыя, але перакананы, што ўсё наперадзе. Да тых часоў, пакуль беларусы не навучацца бараніць адно аднаго, – жыццё не стане лепшым. Ні эканамічнае, ні палітычнае, ні культурніцкае. Толькі салідарнасць розных катэгорый грамадства – прадпрымальнікаў, пенсіянераў, працоўных, нацыянальнай інтэлігенцыі – здольная прывесці да перамогі над аўтарытарным рэжымам. І прыклад еднасці і салідарнасці, найперш, мусяць даць апазіцыйныя лідары і актывісты.
17 лютага на Кастрычнiцкай , 15 сакавiка (заяўка пададзеная на Акадэмію Навук, 18:00) – мы мусім быць РАЗАМ!
Перамога здабываецца толькi так!
P.S.
Маім асабістым настроем вечара 17лютага была – радасць. Ад таго, што прыемна было бачыць людзей на плошчы: старых знаёмых, а асабліва тых, хто прыйшоў упершыню. Прыемна прайсціся разам з простымі і шчырымі Грамадзянамі нашай краіны, што крочаць без страху па сваім горадзе, патрабуючы права для сябе і для іншых ЛЮДЗЬМІ ЗВАЦЦА.
Усім удзельнікам акцыі дзякую за натхненне!
Віталь Рымашэўскі