“Права выбару-2016” зрабіла справаздачу па леташніх выбарах
“Права выбару-2016” прэзентавала падрабязную справаздачу аб выніках леташняй парламенцкай кампаніі. Кніга змяшчае падрабязныя звесткі, дакументы і сведчанні, якія былі сабраныя ўдзельнікамі кампаніі з усіх куткоў Беларусі. Зафіксаваны масавыя факты парушэнняў падчас парламенцкіх выбараў 2016 года, кажа сустаршыня Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі і сябра Рады кампаніі “Права выбару- 2016” Віталь Рымашэўскі.
– Галоўнае парушэнне – гэта адсутнасць празрыстага падліку галасоў. Сёння галасы па сутнасці не лічацца. Старшыня выбарчай камісіі піша лічбы з галавы. І другое небяспечнае жахлівае парушэнне – гэта датэрміновае галасаванне, калі скрыні з бюлетэнямі падменьваюцца, мы іх не можам пракантраляваць, яны застаюцца ў памяшканнях выбарчых камісій. І апошняе, што самае важнае, фармуюцца выбарчыя камісіі з тых людзей, якія фальсіфікавалі, фальсіфікуюць і будуць фальсіфікаваць выбары.
Цяпер удзельнікі кампаніі “Права выбару” рыхтуюцца да назірання за мясцовымі выбарамі, якія адбудуцца роўна праз год у 2018 годзе.