Віталь Рымашэўскі заклікаў Лукашэнку зняць “ружовыя акуляры” (відэа)
Сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі на прэс-канферэнцыі 2 сакавіка заклікаў прэзідэнта Аляксандра Лукашэнку зняць “ружовыя акуляры”, а сілавых міністраў, якія прыкарміліся каля яго, – перастаць яму хлусіць пра тое, што акцыі пратэсту супраць дэкрэту № 3 нібыта арганізаваныя і справакаваныя невялікай колькасцю апазіцыянераў.
“Гэта ўжо даўно не так, таму мы заклікаем да ўсіх акцый пратэстаў далучацца кіраўнікоў выканкамаў, нібыта абраных дэпутатаў і выходзіць падчас акцый пратэсту разам з намі да людзей. Заклікаем таксама Аляксандра Лукашэнку персанальна прыйсці на акцыю пратэсту 15 сакавіка: хай пагаворыць не з падстаўнымі людзьмі, а з рэальнымі – з тымі, хто раней ніколі не ўдзельнічаў у акцыях апазіцыі”, – адзначыў ён.
Сустаршыня БХД таксама падкрэсліў, што арышты дэмакратычных актывістаў і сябраў дэмакратычных партый, якія ўдзельнічаюць у акцыях пратэсту, – гэта правакацыя з боку беларускіх спецслужбаў і МУС, якая можа прывесці да ўзначалення гэтых акцый расейскімі спецслужбамі і агентамі. “Кожны арышт нашых актывістаў будзе даваць падставу для прарасейскіх сілаў у Рэспубліцы Беларусь узмацніцца і набыць небяспечны для беларускай незалежнасці характар”, – заявіў ён.
Каб супрацьдзейнічаць правакацыям з боку МУС і КДБ Віталь Рымашэўскі заклікаў арганізоўваць акцыі пратэсту на месцах, далучаць да іх мясцовых актывістаў, каб у кожным беларускім горадзе быў створаны аргкамітэт, які будзе браць на сябе адказнасць за арганізацыю ўсіх далейшых акцый. “Людзі выходзяць не толькі супраць дэкрэту аб дармаедах. Людзі выходзяць супраць галечы, супраць збяднення, супраць палітыкі дзейсных уладаў”, – дадаў ён.