Віталя Рымашэўскага, Вольгу Кавалькову, Анатоля Лябедзьку і Мікалая Казлова двойчы затрымалі па дарозе ў Берасце (відэа)
Сустаршыню Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Віталя Рымашэўскага, старшыню Хрысціянска-дэмакратычнага руху Вольгу Кавалькову, старшыню Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзьку і яго намесніка Мікалая Казлова двойчы затрымалі па дарозе на акцыю пратэсту ў Берасце.
Спачатку іх затрымалі каля Івацэвічаў нібыта для зверкі нумароў машыны, ці не з’яўляецца яна ва ўгоне. Тады правацэнтрысты селі на папутку, але праз дзесяць кіламетраў Віталя Рымашэўскага і Анатоля Лябедзьку зноў затрымалі нібыта па інфармацыі з Бярозаўскага РАУС аб тым, што яны знаходзяцца ў крымінальным вышуку. Зараз іх вязуць у аддзяленне.
“Мы лічым затрыманне абсалютна палітычна матываваным. Гэта парушэнне Канстытуцыі. І адзіная мэта затрымання – сарваць нашу сустрэчу, што ім ужо ўдалося, бо ў Берасце мы ўжо не патрапім. І калі ў Берасці адбудуцца якія правакацыі, то за іх будуць персанальна адказныя Шуневіч і Вакульчык. Такім чынам яны расчышчаюць шлях для прарасейскіх сілаў у Беларусі, каб чарговы раз згуляць на фобіях Лукашэнкі, атрымаць зорачкі на пагонах і загнаць Беларусь у ізаляцыю. За ўсю эскалацыю адказнае вышэйшае кіраўніцтва МУС і КДБ і персанальна Шуневіч і Вакульчык”, – адзначыў Віталь Рымашэўскі.