Нацыянальная Рада БХД прапанавала дэмакратычным сілам аб’яднацца і ўзгадніць адзіны план пратэстаў
4 сакавіка ў Менску адбылася Нацыянальная рада Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі.
На паседжанні кіраўніцтва БХД абмяркоўвалася становішча ў Беларусі, масавыя пратэсты, адзначэнне 100-годдзя БХД, правядзенне юбілейнага з’езду партыі 27 траўня 2017 года, падача дакументаў на рэгістрацыю БХД пасля з’езду і нацыянальныя кампаніі.
Нацыянальная рада заклікала ўсе дэмакратычныя сілы да яднання ў справе падтрымкі пратэстаў. БХД ініцыюе перамовы і пагадненні паміж кааліцыямі і асобнымі арганізацыямі ў справе кансалідацыі ўсіх дэмакратычных сілаў увесну 2017 года. Неабходна, каб дэмакратычныя сілы мелі адзіны ўзгоднены план пратэстаў. Калі ўлады не пойдуць на саступкі патрабаванням грамадзян Беларусі і не адменяць дэкрэт № 3, то хрысціянскія дэмакраты прапануюць арганізаваць кампанію за адстаўку прэзідэнта і ўраду.
Важнай задачай нацыянальных сілаў робіцца недапушчэнне правакацыяў з боку Крамля і прарасейскіх сілаў – гэтага можна дасягнуць толькі супольна.
Нацыянальная рада пачала рыхтаваць правядзенне юбілейнага з’езду БХД да 100-годдзя партыі 27 траўня. Бліжэйшым часам у рэгіёнах пройдуць дзясяткі сустрэчаў сябраў БХД з кіраўніцтвам партыі.