Судовыя выканаўцы паабяцалі спыніць справу супраць Віталя Рымашэўскага
Судовыя выканаўцы паведамілі сустаршыні Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Віталю Рымашэўскаму, што спроба вопісу маёмасці была здзейсненая з памылкі. Супраць яго паўторна распачалі судовую вытворчасць па штрафе, які быў аплочаны ў снежні мінулага года.
«Судовы выканаўца паведаміў, што будзе выслана пастанова аб спыненні судовай вытворчасці. Штраф, які нібыта яны ад мяне патрабавалі, быў аплочаны мною 25 снежня 2016 году за ўдзел у акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыі выбараў. У мяне ўжо ёсць пастанова аб спыненні судовай вытворчасці судовым выканаўцам, якая прыйшла мне ў снежні пасля платы мною штрафу», – адзначыў сустаршыня БХД.
«Я па-ранейшаму перакананы, што гэта было прадуманая правакацыя. Па-першае, таму што, як мне паведамілі судовыя выканаўцы, 1 сакавіка было адкрытае справаводства, а вопіс маёмасці яны спрабавалі нібыта здзейсніць ўжо 7 сакавіка. Такая хуткасць у прынцыпе нехарактэрная для судовых выканаўцаў нават па палітычных справах. Па-другое, у нядзелю па дарозе ў Брэст мы ўжо былі сведкамі такіх “памылак” ДАІ і міліцыі. Усё гэта пацвярджае, што суды, падатковая, міліцыя, ДАІ, КДБ – усяго толькі часткі аўтарытарнага рэпрэсіўнага апарату, у любы момант гатовыя выканаць любы незаконны загад», – падкрэсліў ён.