Удзельнікі Народнага сходу ў Слоніме перадалі рэзалюцыю акцыі ўладам

20 сакавіка 2017 11:33  |  Галоўныя навіны

Удзельнікі Народнага сходу ў Слоніме перадалі рэзалюцыю акцыі ўладам

Адмены Дэкрэта № 3, эканамічных рэформаў, сумленных выбараў, а таксама вызвалення ўсіх незаконна затрыманых запатрабавалі ўдзельнікі Народнага сходу ў Слоніме.

19 сакавіка ў Слоніме прайшоў Народны сход, на які выйшла каля 300 чалавек. Да ўдзельнікаў выйшаў старшыня райвыканкама Алег Таргонскі, які паабяцаў, што ніхто з удзельнікаў не будзе пакараны. Аднак адразу пасля завяршэння акцыі быў затрыманы адзін з яе арганізатараў Віктар Марчык.

Рэзалюцыя была перададзеная ў райвыканкам, яшчэ дзве копіі дасланыя ў адміністрацыю прэзідэнта і Палату прадстаўнікоў, сказаў сайту Pyx.by актывіст Руху «За Свабоду» і Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Алесь Масюк.

У дакуменце ўдзельнікі акцыі высунулі да ўладаў 11 патрабаванняў.

Сярод іх эканамічныя і сацыяльныя такія, як «прыняць новы эканамічны курс, які арыентаваны на стварэнне новых эфектыўных працоўных месцаў, а не барацьбу з беспрацоўнымі», «спыніць рост цэнаў, зніжэння рэальных даходаў насельніцтва, падвышэнне пенсійнага ўзросту, рост аплаты за камунальныя паслугі», «адмяніць Дэкрэт № 3, вярнуць людзям атрыманы збор», адмяніць кантрактную сістэму, стварыць умовы для развіцця дробнага і сярэдняга бізнесу і г.д.

Высунулі ўдзельнікі і палітычныя патрабаванні, у прыватнасці «правядзенне сумленных і справядлівых выбараў”, вяртанне “грамадзянам права выбару”, «вяршэнства Канстытуцыі, а не антынародных дэкрэтаў».

«Выпусціць на волю ўсіх затрыманых удзельнікаў мірных акцый пратэсту супраць Дэкрэта № 3. Спыніць беззаконне праваахоўных органаў, якія ў шэрагу гарадоў, у тым ліку і ў Слоніме правялі выкраданне людзей без форменнага абмундзіравання і апазнавальных знакаў (жэтонаў), з грубым ужываннем сілы», — заявілі аўтары рэзалюцыі.

Удзельнікі сходу выступілі ў абарону незалежнай прэсы: запатрабавалі стварыць умовы для «атрымання праўдзівай і поўнай інфармацыі пра сацыяльна-эканамічную і грамадска-палітычную сітуацыю ў Беларусі», вярнуць у сістэму распаўсюду «Белпошты» і «Белсаюздруку» «Газеты Слонімскай».

Pyx.by

Болей навін