Менгарвыканкам адмяніў сустрэчу з заяўнікамі Дня Волі
Прадстаўнік Менгарвыканкаму 20 сакавіка патэлефанаваў заяўнікам акцыі на Дзень Волі 25 сакавіка і заявіў пра адмену прызначанай на 17:00 сустрэчы з заяўнікамі акцыі.
На законнае патрабаванне аднога з заяўнікаў, адказнага сакратара Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Дзяніс Садоўскага даць яму тэкст адказу, калі ён зараз пад’едзе ў Менгарвыканкам, чыноўнік заявіў, што такога адказу ўлады даць не могуць.
“Відавочна, што ўлады зацягваюць адказ, парушаючы ў чарговы раз сваё ж заканадаўства. Такім чынам, у адведзены законам пяцідзённы тэрмін адказ уладаў заяўнікі не атрымаюць. Абяцалі адказ даслаць поштай, але калі ён прыйдзе – невядома. Гэта відавочны плявок на жаданне грамадзянаў узяць удзел у мірным пратэсце супраць незаконнай улады”, – адзначыў Дзяніс Садоўскі.
Нагадаем, што пачатак акцыі запланаваны 25 сакавіка а 14:00 ля Акадэміі навук.