Павел Севярынец: камуністычныя карані па-ранейшаму даюць свае атрутныя ўсходы (відэа)
Курапаты з’яўляюцца знакавым для Беларусі і яе адраджэння месцам. Аднак прадстаўнікі сённяшняй улады ўсяляк хочуць засланіць іх рознымі будоўлямі і аб’ектамі, у тым ліку забаўляльнымі і недапушчальнымі. Пра гэта ў сваім відэазвароце заявіў сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Павел Севярынец. Зварот быў запісаны да яго затрымання 12 сакавіка.
Прычыны такіх дзеянняў уладаў сустаршыня БХД бачыць у тым, што “большасць прадстаўнікоў сённяшняй улады атаясамляе сябе не з тымі людзьмі, якіх стралялі, а з тымі людзьмі, хто страляў”. “Для іх людзі з НКВД – героі”, – адзначыў ён, прыгадаўшы і міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча – аматара апранацца ў форму НКВД, якога “сотні тысяч ахвяраў камуністычнага тэрору не бянтэжаць”.
“У нас ставяцца помнікі Леніну. У нас функцыянуе лінія Сталіна – чалавека, які выкараняў і Царкву, і веру, і беларускасць, і людства проста ў беларусах і жыхарах 1/6 часткі сушы. І, на жаль, гэтыя глыбокія камуністычныя карані па-ранейшаму даюць свае атрутныя ўсходы”, – падкрэсліў Павел Севярынец.
Паводле яго, Беларусі бракуе ўсенароднага пакаяння за грахі камунізму і ўсенароднага асуджэння камуністычнай ідэалогіі, як гэта было з нацызмам у Нямеччыне. Камуністычная ідэалогія, якая прывяла да дзясяткаў мільёнаў ахвяраў па ўсім свеце, працягвае заставацца значнай часткай дзяржаўнай ідэалогіі, што “яшчэ раз падкрэслівае беззаконнасць і бязбожнасць сённяшняга рэжыму”. “Яшчэ раз падкрэслівае, што веруючыя людзі, святары проста абавязаныя казаць беларусам у твар: трэба пакаяцца ў злачынствах камунізму, трэба асудзіць злачынствы камунізму, трэба выракацца гэтага зла”, – дадаў сустаршыня БХД.
Цалкам відэазварот можна глядзець тут: