Зварот Віталя Рымашэўскага да Дня Волі
Прадстаўляем вашай увазе зварот сустаршыні Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Віталя Рымашэўскага, які зараз адбывае арышт у Маладзечне, да беларусаў з нагоды Дня Волі.
Дарагія суайчыннікі! Віншую вас с Днём Волі!
Сёння, у 2017 годзе, свята Волі набывае новы сэнс і новае гучанне, бо імкненне да Волі становіцца сымбалем і сэнсам новага беларускага адраджэння. Ад Берасця да Воршы, ад Гомеля да Віцебску ўздымаюцца людзі, патрабуючы праўды і справядлівасці, паўстаюць супраць знявагі, збяднення, карупцыі і гвалту з боку бандытаў у мундзірах.
Як і 100 гадоў таму, беларусы патрабуюць права людзьмі звацца! Нягледзячы на рэпрэсіі, гэты народны пратэст не спыніць, бо ўлады змагаюцца ўжо не з апазіцыяй – улады пачалі вайну з уласным народам! Людзей збіваюць і арыштоўваюць за мірны пратэст. За кожны дзень, забраны з жыцця, за ўсё, што з намі адбываецца за кратамі, нясе персанальную адказнасць Аляксандр Лукашэнка.
Плёткі ж пра тое, што пратэсты ініцыяваныя за межамі Беларусі, разлічаныя на наіўных дурняў альбо заходніх палітыкаў – аматараў «рэалпалітык», каб апраўдаць рэпрэсіі. Але беларусы – не дурні! А ў дэмакратычных краінах свету яшчэ досыць палітыкаў і дыпламатаў, што не гандлююць сваім сумленнем.
Зараз задача спецслужбаў Лукашэнкі – не проста падавіць, але і дыскрымінаваць пратэсны рух. Яны кідаюць за краты дэмакратычных актывістаў па ўсёй краіне, каб вызваліць дарогу для правакатараў. Таму сёння, калі ёсць п’яныя сярод удзельнікаў мітынгу – гэта супрацоўнікі спецслужбаў. Калі ёсць пагромшчыкі – гэта толькі супрацоўнікі спецслужбаў Лукашэнкі! Мэта рэжыму – паўтарыць сцэнар 2010 года. Не дадзім ім здзейсніць гэта!
Сёння вулічныя акцыі з гвалтоўнымі дзеяннямі – падарунак для карнікаў і правакатараў. Гвалт – метад баязліўцаў. Пакінем яго ўладам. У Святым Пісанні сказана: «ёсць час збіраць камяні і час раскідваць камяні». Сёння – час збіраць, час далучацца да палітычных партый і арганізацый, ствараць новыя. Час яднацца ў супольны нацыянальны рух за праўду і справядлівасць! За права людзьмі звацца!
Наша мэта – мірная дэмакратычная Беларусь!
Нашы метады – адкрыты негвалтоўны супраціў.
Наша задача – падрыхтоўка мірнай агульнабеларускай забастоўкі з патрабаваннем адстаўкі ураду і свабодных выбараў!
Будзем мужнымі і будзем мудрымі сёння – і заўтра мы ўздымем на супольны пратэст усю Беларусь!
Спрадвеку і назаўсёды, паўсюль, дзе беларусы прагнуць свабоды і справядлівасці, і з вамі на вуліцах гарадоў і з намі за каратамі – Жыве Беларусь!