Дзяніс Садоўскі: наш план застаецца нязменным (відэа)
Тое, што заяўнікам акцыі да Дня Волі не адказвалі цягам 30-і дзён, і толькі за ноч да мерапрыемства паведамілі, што змененыя яе час і маршрут, – гэта дэманстратыўнае парушэнне заканадаўства. Пра гэта паведаміў тэлеканалу “Белсат” адзін з заяўнікаў акцыі, адказны сакратар Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Дзяніс Садоўскі.
“І, канечне, зараз за адну ноч арганізаваць акцыю са змененым часам і месцам правядзення ніякі чалавек гэта зрабіць не можа. Таму, уся адказнасць за тое, што акцыя недазволеная, ляжыць на сённяшняй уладзе”, – адзначыў ён.
На яго думку, улады працуюць на тое, каб найменшая колькасць людзей на гэтую акцыю выйшла, а затым сказаць, што вельмі мала людзей пратэстуе. Таксама Дзяніс Садоўскі паведаміў, што не ведае, ці зможа сам дайсці да акцыі, бо пад яго вокнамі з’явіўся “знакаміты” сіні мікрааўтобус.
“Наш план застаецца нязменным. Мы збіраемся а 14:00 на Акадэміі навук і плануем шэсце ў цэнтр горада. Але, канечне, мы адчуваем той накал, які зараз вакол гэтай акцыі адбываецца, калі па вуліцах ходзяць вайскоўцы са зброяй, калі сотні арыштаваных, запужванне. Таму мы пакідаем за сабой права прымаць рашэнне ўжо на месцы, бо фактычна кожную гадзіну можа змяніцца сітуацыя. І не хацелася б рызыкаваць людзьмі. Мы як арганізатары павінны клапаціцца пра бяспеку, але гэта не значыць, што мы павінны саступаць той машыне страху, якую ўлада зараз чыніць”, – дадаў адказны сакратар БХД і заклікаў грамадзян не баяцца і супрацьстаяць усялякім правакацыям.
На яго думку, улада сама сябе запужала, і зараз гэты страх яе гоніць у невядома якім накірунку, бо ў краіне фактычна ўведзенае вайсковае становішча.