З-за суду 27 сакавіка Віталь Рымашэўскі можа прапусціць Кангрэс Еўрапейскай Народнай Партыі
27 сакавіка ў Менску аб 11:30 у судзе Цэнтральнага раёна мае пачацца суд за акцыю 17 лютага над сустаршынёй Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Віталём Рымашэўскім.
Палітык накіроўвае заяву ў суд з просьбай перанесці паседжанне на 4 красавіка, бо ён запрошаны на кангрэс Еўрапейскай народнай партыі, які пройдзе 28-31 сакавіка.
“Аднак, я мяркую, што суд прызначаны на панядзелак, каб даць чарговыя суткі і пазбавіць мяне магчымасці ўдзельнічаць у гэтым мерапрыемстве. Я не збіраюся ад іх хавацца, і перанос суду на тыдзень нічога б не вырашыў. Але суду няма, а ёсць рэпрэсіўная машына, якая можа кінуць за краты на любы тэрмін любога грамадзяніна Беларусі не на падставе закону, а на падставе загаду Аляксандра Лукашэнкі”, – дадаў ён.