Віталь Рымашэўскі заклікае ствараць забастовачныя камітэты і рыхтаваць агульнанацыянальны страйк
Сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі заклікае да стварэння па ўсёй Беларусі забастовачных камітэтаў і да падрыхтоўкі агульнанацыянальнага страйку.
“Беспрэцэдэнтныя рэпрэсіі беларускіх уладаў супраць уласнага народу сведчаць як пра іх абсалютныя бесчалавечнасць і цынізм, гэтак і пра поўнае неразуменне таго, што адбываецца ў беларускім грамадстве. У Беларусі ўпершыню за 20 гадоў сацыяльны пратэст злучаецца з палітычнымі патрабаваннямі. Людзі па ўсёй краіне патрабуюць годных заробкаў, адмены рабаўніцкіх законаў і адначасова адстаўкі дзеючай улады, мясцовых кіраўнікоў, ураду і асабіста Аляксандра Лукашэнкі. У адказ на мірныя дэманстрацыі з патрабаваннямі рэформ рэжым разгарнуў рэпрэсіі, гэта значыць, што як і раней улады разумеюць толькі пазіцыю сілы”, – адзначыў ён.
“Сёння трэба яднаць людзей, яднаць дэмакратычныя сілы, пратэстоўцаў, каб прымусіць улады выканаць патрабаванні народу. Я заклікаю ўсе дэмакратычныя сілы і дэмакратычных актывістаў, новых лідараў ствараць у рэгіёнах супольныя забастовачныя камітэты і рыхтаваць бестэрміновы агульнанацыянальны страйк. Каб улада змянілася, не трэба супраць яе ўжываць гвалт. Дастаткова проста перастаць яе карміць. Права на мірную забастоўку гарантавана заканадаўствам Беларусі”, – дадаў сустаршыня БХД.
“Адначасна мы павінны адмовіцца ад любых спробаў ужывання гвалту з боку пратэстоўцаў, бо сёння рэжым правакуе іх на выкарыстанне сілы, каб дыскрэдытаваць дэмакратычны рух і пратэсты. Але мы мусім быць мацнейшымі. Наша задача сёння – аб’яднаць усё грамадства. Любыя гвалтоўныя дзеянні сёння з боку дэмакратычных актывістаў будуць з’яўляцца правакацыяй. Апазіцыя ж мусіць паказаць прыклад кансалідацыі, бо палітычны авантурызм, заснаваны на задавальненні гіпертрафіраваных асабістых амбіцыяў каго б то ні было, у сённяшняй сітуацыі з’яўляецца злачынствам”, – падкрэсліў Віталь Рымашэўскі.
Сустаршыня БХД таксама заклікаў усіх неабыякавых грамадзян Беларусі аказваць падтрымку палітвязням. “Любыя праявы салідарнасці, у тым ліку ў выглядзе паштовак і лістоў палітвязням, прадуктовых перадач, акцый у сацсетках альбо вулічных акцый, сёння вельмі неабходныя тым, хто знаходзіцца за кратамі. Вызваліць людзей з лап рэжыму можа толькі салідарная падтрымка з боку беларускага грамадства”, – заявіў ён.
Па яго словах, БХД і Правацэнтрысцкая кааліцыя будуць ініцыяваць у рэгіёнах стварэнне шырокіх кааліцый дзеля арганізацыі забастовачных камітэтаў.