Георгій Дзмітрук: у Беларусі дэман камуністычнага таталітарызму не здаўся без бою
Прадстаўляем вашай увазе выступ сустаршыні Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Георгія Дзмітрука на міжнародным форуме «Будучыня хрысціянскіх дэмакратый: праблемы і перспектывы», які прайшоў 25 сакавіка ў Кіеве (Украіна).
Дарагія Хрысціянскія дэмакраты, дарагія госці, дарагія сябры!
Мой выступ азмрочаны рэаліямі палітычнай сітуацыі ў Рэспубліцы Беларусь. Нагадаю вам, што мае сябры і калегі, сустаршыні БХД Павал Севярынец і кандыдат у прэзідэнты Рэспублікі Беларусі 2010 года Віталь Рымашэўскі прама зараз знаходзяцца ў засценках МУС за ўдзел у мітынгах па абароне правоў простых грамадзян Беларусі. Гэта так званы «закон аб дармаедах». Непрацуючых грамадзян краіны абвінавачваюць у тым, што ў іх проста няма працы, а за гэта, у Беларусі належыць штраф! Знакаміты Дэкрэт №3, які супярэчыць больш чым 5 артыкулах Канстытуцыі, справядліва абурыў беларускае грамадства і паставіў на мяжу выжывання самых бедных і самых безабаронных грамадзян. Людзі тысячамі выйшлі на вуліцы гарадоў. БХД, як і многія палітычныя партыі, выступілі супраць антыканстытуцыйнага «закона», за што былі неадкладна падвергнутыя рэпрэсіям. КДБ-шныя прафілактычныя гутаркі, пагрозы расправы, штрафы і арышты – гэта беларускія рэаліі сакавіка 2017 года. Больш за сто чалавек былі арыштаваныя.
Пра што гэта кажа. Хрысціянскай дэмакратыі даводзіцца ваяваць са сваімі апанентамі не толькі ў рамках палітычных дыскусій і маральных дыялогаў, але сёння, у 2017 годзе, у самым цэнтры Еўропы прыходзіцца супрацьстаяць твар у твар аўтакратыі і тыраніі посткамуністычнага аўтарытарызму. Дэман камуністычнага таталітарызму пасля ганебнага развалу СССР не здаўся без бою, не самазаспакоіўся, не згінуў пад цяжарам віны і ўласнай ганьбы. Больш за тое, ён перайначыўся ў сваёй ідэалогіі, ён «набраў сілу», выкарыстоўваючы сучасныя метады Пі-Ару і мастацтва паліттэхналогіі, ён навучыўся “паліткарэктнасці” і дыпламатыі.
Сёння сучасная дыктатура мае «выгляд пабожнасці»! Сёння сучасная дыктатура ездзіць выключна на «заходніх» Мэрсэдэсах, свабодна гаворыць па-ангельску з «выдатным акцэнтам», разбіраецца ў культуры, інвесціруе ў футбол і займаецца дабрачыннасцю. Некаторыя еўрапейскія палітыкі да гэтага часу чакаюць і баяцца неўтаймоўнага Сібірскага Мядзведзя з ракетамі і боегалоўкамі! Я ім хачу сказаць: дыктатура ўжо сёння хаваецца ў вашых бензабаках, ужо даўно блукае па вашых вуліцах і засядае ў вашых хмарачосах. Сучасная дыктатура ўжо даўно маскіруецца ў вашых праектах і інвестыцыях, ужо даўно гасцюе ў вашых дамах праз навіны з вашых тэлеперадач!
Дыктатура посткамуністычнага авантурызму ўступіла ў адкрыты бой з дэмакратычнымі і хрысціянскімі каштоўнасцямі ў свеце. Свабода і дэмакратыя падвяргаецца масіраваным нападам на ўсіх узроўнях. Асабліва ярка мы гэта бачым ва Украіне, у Сірыі, ва Усходняй Еўропе, ды і ў Беларусі, безумоўна. Я называю гэтую вайну бітвай «антыцывілізацыі» з Цывілізацыяй. Ніколі не думаў, што ў век інфармацыі і камунікацыі знойдуцца жадаючыя праліваць кроў і захопліваць чужыя тэрыторыі.
Але, сябры, сучасныя выклікі прымушаюць нас думаць, аналізаваць, рабіць высновы, абараняцца і аб’ядноўвацца.
З чым сутыкаюцца сёння беларускія хрысціянскія дэмакраты?
Аўтарытарны рэжым, які блакуе ўсе сродкі камунікацыі. Інтэрнэт застаецца адзінай даступнай пляцоўкай для свабоды слова ў Беларусі. Хоць рэжым прымае ўсе меры для кантролю і блакавання вальнадумства, можна сказаць, што Інтэрнэт з’яўляецца галоўным інструментам працы палітычных партый у РБ. Прывяду прыклад несправядлівасці паводзінаў рэжыму ў дачыненні да БХД. БХД спрабавала дамагчыся дзяржаўнай рэгістрацыі 5 разоў, але рэжым кожны раз казаў: «Не». Прынята лічыць, што днём нараджэння палітычнай партыі з’яўляецца дата правядзення ўстаноўчага з’езда, і гэта так. Але не ў Беларусі пры дзеючым рэжыме! БХД правяла ўжо 5 з’ездаў, вынікаючы сэнсу – БХД «нарадзілася» ўжо 5 разоў, а вось дакумент аб нараджэнні «дзіцяці» ўлада даваць не хоча! Паважаны спадар Лукашенка! Не бойцеся Хрысціянскай дэмакратыі! Мы не ІДІЛ, мы не тэрарысты! Мы не радыкалы! Мы – хрысціянскія дэмакраты! Карыстаючыся выпадкам і трыбунай, маю гонар запрасіць вас, паважаныя хрысціянскія дэмакраты, 27 траўня 2017 года, праз 2 месяцы, у горад Мінск, дзе адбудзецца ўжо 6-ы Устаноўчы З’езд партыі БХД. Падтрымайце БХД!
Зацяжны эканамічны крызіс. Часта мае сябры, асабліва ў Расіі і Украіне, спрабуюць хваліць рэжым Лукашэнкі, спасылаючыся то на нібыта дасягненні беларускай эканомікі, то на поспехі сельскай гаспадаркі, то на нібыта эфектыўную дзяржпадтрымку прадпрыемстваў, то на смачную беларускую каўбасу і сыр з «густам дзяцінства». Сябры! Перастаньце жыць ілюзіямі і прапагандай. У нашага ўсходняга суседа ёсць даўняя тактыка, якую можна растлумачыць так: «Калі будзеце служыць нам, то будзеце жыць спакойна, як у Беларусі, а калі будзеце супраціўляцца рабству, то будзеце жыць неспакойна, як ва Украіне»! Гэта ёсць сучасны сродак імперскай маніпуляцыі – не больш! А на самай справе думка пра «беларускі эканамічны цуд» – гэта блеф! Гэта хлусня! Няма цуду! А Лукашэнка «загуляўся» ў маскоўскія гульні, за што сёння разлічваецца уласнай знявагай і рэаліямі перад трагічнай эканамічнай сітуацыі! Сёння Беларусь – на мяжы дэфолту! І гэта не толькі прагнозы рэйтынгавых агенцтваў, гэта ўнутраныя адчуванні большасці актыўных грамадзян краіны. А гэта больш за прагнозы статыстаў.
На жаль, маладыя людзі вымушаныя масава пакідаць краіну ў пошуках годнай аплаты працы і магчымых бізнес-перспектыў. Гэта нашы незаменныя страты! Гэта наша трагедыя. Я думаю, што мае ўкраінскія партнёры – хрысціянскія дэмакраты ВЕЛЬМІ разумеюць пра што я кажу.
Карупцыя. Гэта не толькі ўкраінскія рэаліі, але і беларускія. Усюды, дзе да гэтага часу валадараць постсавецкія рэжымы, галоўнай візітоўкай такой улады з’яўляюцца карупцыя і адсутнасць справядлівасці! Я ўпэўнены, усюды, без выключэнняў. Карупцыя стала своеасаблівай платай нашых народаў за ўласную абыякавасць. Наша грамадства не выпрацавала ў сабе непрыязнасць да зла, да граху, да няпраўды і да несправядлівасці. І гэта наша самая вялікая недапрацоўка. Мы зробім усё магчымае, каб хрысціянскія каштоўнасці, пра якія казаў Ісус 2000 гадоў таму, сталі неабходнымі і своечасовымі лекамі для вырашэння многіх праблем у нашых краінах.
Менталітэт постсавецкага чалавека. Біблія нам падрабязна распавядае пра цяжкасці фарміравання нацыянальнай самасвядомасці габрэйскага народа. Гэта можна назваць «этап-пустыня», або «з Егіпта выйшлі, а дадому не прыйшлі». Або «амаль не раб» або «амаль свабодны». Можна доўга казаць і абмяркоўваць ўсе цяжкасці, звязаныя з уплывам «рабскага менталітэту», але я веру, што і Беларусь, і Украіна, і Грузія, і Малдова, ды і Расія знойдуць у сабе ўнутраныя сілы, я б сказаў нават духоўныя сілы, перамагчы сваю рабскую нікчэмнасць, раздушыць у сабе раба, уваскрэснуць Духам і стаць свабоднымі. А стаць свабоднымі, гэта азначае атрымаць свабоду ад уласных страхаў, фобій і ўласных расчараванняў.
“Самае вялікае рабства – не валодаючы свабодай, лічыць сябе вольным”. Казаў нямецкі паэт і мысліцель Ёган Гётэ.
Хіба можна з гэтым не пагадзіцца?
У заключэнне хачу сказаць. У 2017 годзе мы святкуем 500-годдзе Беларускай Бібліі Францыска Скарыны. І мы ганарымся, што хоць у гэтым мы ў сусветных лідарах! У гэты ж час і Украіна, і Еўропа, і Беларусь разам святкуюць 500-годдзе Рэфармацыі. Сябры! Ужо 500 гадоў мы разам рухаемся па складаным, але цвёрдым шляху, які нам выразна паказвае Евангелле. Наперадзе нас чакае вельмі складаная дарога! Нам вельмі шмат трэба будзе зрабіць! Але мы пераможам! Жыве Беларусь! Слава Героям! Веру Богу і ў Хрысціянскую Дэмакратыю!