Кіраўніка МЗС Нідэрландаў просяць звярнуць увагу на рэпрэсіі супраць БХД
Прадстаўнікі адразу некалькіх партый Нідэрландаў – Van der Staaij (SGP – Рэфармацыя партыя), Thieme (Partij voor de Dieren – Партыя абароны жывёлаў), Ten Broeke (VVD – Народная партыя за свабоду і дэмакратыю), Voordewind (ChristenUnie – Хрысціянскі звяз), Knops (CDA – Хрысціянска-дэмакратычнага закліку), Karabulut (SP – Сацыялістычная партыя) і Van Rooijen (50PLUS – 50 плюс) звярнуліся 28 сакавіка да міністра замежных спраў Нідэрландаў Берта Кундэрса ў сувязі з сітуацыяй у Беларусі. Самі пытанні прыведзеныя на сайце Тэна Броке.
У прыватнасці, яны звяртаюць увагу на жорсткія рэпрэсіі ўладаў Беларусі ў дачыненні да ўдзельнікаў масавых пратэстаў, іх прычыны і перадумовы, адзначаюць, што лідары апазіцыйных партый, і ў прыватнасці Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, і праваабаронцы сталі асноўнымі аб’ектамі рэпрэсіўных дзеянняў беларускага ўрада.
Міністра просяць ацаніць уплыў гэтых і іншых падобных мер для палітычнай сітуацыі і дэмакратычных свабодаў у Беларусі, ацаніць іх адпаведнасць законам краіны і міжнароднаму праву?
Кіраўніка МЗС Нідэрландаў таксама просяць адказаць, як ён разам са сваімі калегамі плануе выкарыстоўваць свае кантакты з урадам Беларусі для прасоўвання таго, каб улады Беларусі прытрымліваліся міжнародных стандартаў правоў чалавека, каб у краіне не пераследвалася апазіцыя, а сама Беларусі працягвала гуляць канструктыўную ролю ў канфлікце з Украінай.
“Якія варыянты ў вас ёсць і вы хочаце выкарыстоўваць на штогадовым пасяджэнні Парламенцкай асамблеі АБСЕ ў Мінску ў ліпені 2017 года, каб падняць пытанне аб палітычнай сітуацыі ў Беларусі і шукаць сумесна адпаведныя рашэнні для свабоды, стабільнасці і дэмакратыі ў краіне?” – задаюцца пытаннямі аўтары звароту.