Віталь Рымашэўскі на мітынгу ў Бабруйску: улада больш не трымаецца на падтрымцы простых людзей
Сустаршыня
Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэсўкі 9 красавіка выступіў у
Бабруйску на мітынгу за правы і свабоды грамадзян, напачатку павіншаваўшы прысутных
са святам Вербнай нядзелі і падзякаваўшы ўсім, хто прыйшоў, нягледзячы на
плёткі, запалохванні і страх.
“Я веру, я ведаю,
што з вас як з семя, што ўпала на добрую глебу, прарасце той колас, які прынясе
дэмакратыю і свабоду ў Беларусі. Сёння мы святкуем адно з самых вялікіх
хрысціянскіх святаў. Хрыстос прыйшоў на гэтую зямлю, каб сцвердзіць нас у веры,
што ні праўда, ні свабода, ні справядлівасць, ні сумленне не будуць дарэмнымі.
А ўсе тыя, хто кіруецца сёння страхам, хлуснёй і падманам будуць пасаромленыя”,
– падкрэсліў палітык.
Паводле яго, сённяшняя
ўлада больш не трымаецца на падтрымцы простых людзей. “Яна не трымаецца на
падтрымцы пенсіянераў. Яна трымаецца на страху. На страху міліцыі, якая,
пераступаючы праз сваё сумленне, рэпрэсуе людзей. На страху тых, хто баіцца
выходзіць на плошчы. Не будзем баяцца, будзем паказваць прыклад мірнага,
негвалтоўнага, смелага супраціву, і тады да нас далучацца тысячы людзей”, –
дадаў сустаршыня БХД.
“Гэтай уладзе ўжо
больш няма чаго супрацьставіць. Яны ўзбудзілі крымінальныя справы на Змітра
Дашкевіча, на маладафронтаўцаў, на абаронцаў Курапатаў, якія адстаялі гэтае
святое месца для ўсіх беларусаў. Што мы можам сказаць гэтым людзям? Ганьба!” –
заявіў Віталь Рымашэўскі.
Сустаршыня БХД
таксама заклікаў актывістаў розных партый і арганізацый быць еднымі для таго,
каб барацьба была плённай. Людзі выйдуць на плошчы. Гэты страх часовы. Людзі
выходзяць не таму, што хтосьці разгойдвае човен. Людзі выходзяць на плошчы
таму, што ім няма чаго есці, таму, што яны стаміліся ад подласці і хлусні, ад
карупцыі мясцовых уладаў
Тых, хто не
далучыўся да грамадскіх і палітычных арганізацый, Віталь Рымашэўскі заклікаў
далучацца да БХД, да іншых арганізацый ці ствараць свае. “Калі мы будзем
арганізаваныя, уладзе не будзе што супрацьпаставіць нам. Будзем рыхтавацца да
тых мітынгаў, якія абавязкова будуць па ўсёй Беларусі, калі ўлады не пойдуць на
саступкі”, – падкрэсліў ён, дадаўшы, што калі беларусы, па прыкладзе Хрыста,
будуць ісці шляхам сумленнасці, мужнасці і любові да Беларусі, то будзе жыць
Беларусь.