Павал Севярынец. Акрэсьціна-2017: кроў, вошы, беззаконьне
Дарагія сябры,
зноў рады вітаць вас. Дзякуй усім, хто падтрымліваў, маліўся, перадаваў кнігі,
сустракаў.
За 20 гадоў, з
1997-га, на Акрэсьціна бываў разоў пятнаццаць. Апошнія дзесяць сутак уразілі,
бо ёсьць з чым параўноўваць.
1. Відавочна,
выконвалі спэцзаказ: два разы ўпіхвалі ў камэру на чатырох чалавек жыхароў
вакзалу з вошамі. Сядзіць-сядзіць такі дзед, маўчыць, раптам загаляецца і
пачынае, быццам з аўтамата, з трэскам лушчыць у пазногцях насякомых ды гнідаў.
Бахаем у дзьверы. “Пражарка” не працуе, чакайце.
2. Мой сусед
двойчы рэзаў рукі – праз пару хвілінаў можна ўбачыць, што такое “рукі па
локаць у крыві”. І з-за “падарункаў” з вошамі, і з-за таго, што
не выводзяць на прагулку (а курцам інакш за дзень не папаліць). Пакуль
прыбіраем камэру ад кропляў ды пырскаў, высьвятляецца, што ў суседа гепатыт С.
3. Кожны дзень
патрабавалі хаця б венік прыбрацца ў хаце. Венік, анучу, вядро не даюць! 10
сутак… Давялося рваць рушнікі, каб вымываць камэру.
4. Паперу і
асадку, якія былі ў мяне ў асабістых рэчах і перадачах, дазволілі толькі на
чацьвёртыя суткі, адвакат выбіў. Тое, што афіцыйна дазволена – забаранялі, бо
“рашэньне начальніка”!
5. Насупраць нас
паўдні трымалі Віктара з акцыі 25-га, які 10 сутак трымаў галадоўку. Вядома
толькі тое, што ён жыве насупраць Нацыянальнай бібліятэкі. Дапамажыце, калі
ласка, даведацца, што з чалавекам.
6. Макс Вінярскі
6 сутак галадаваў на ІЧУ, потым павезьлі ў шпіталь, адтуль ён зьнік.
7. Некалькі дзён
запар прыяжджалі опэры, складалі пратаколы – то за акцыю ля КДБ, то за сьцяг ля
Акрэсьціна. Даваць паказаньні адмаўляўся. У пятніцу завезьлі ў суд Цэнтральнага
раёну, аформілі штраф 50 базавых за акцыю салідарнасьці з патрыётамі.
8. Стаўленьне да
затрыманых – як да быдла. Пару рэплікаў спакойна – і раптам крык, мат-перамат,
пагрозы. Усяго некалькі чалавек ставіліся па-людзку.
9. Гарбата,
кіпяток – толькі раз на суткі, зранку, 150 грамаў. Далей пі з-пад крану.
10. Садавіна,
гародніна пад забаронай. У камэры часнык!!! Ааааа!!! На прагулку ня пойдзеце!
11. Тых, каго
даставілі пасьля 13.00, ня кормяць увесь дзень. А потым за поўныя суткі
вылічваюць за харчаваньне (!) па 11 рублёў 50 капеек.
12. Карацей,
пішам па інстанцыях. І нашым мілым эўрапейцам, каторыя дагэтуль з усьмешкай
“вядуць дыялог”: смачна вам есьці на афіцыйных прыёмах.