Вызначаныя лозунгі, пад якімі пройдзе «Чарнобыльскі шлях-2017»

12 красавіка 2017 10:32  |  Галоўныя навіны

Вызначаныя лозунгі, пад якімі пройдзе «Чарнобыльскі шлях-2017»

 

Традыцыйную акцыю «Чарнобыльскі шлях» 26 красавіка плануецца
правесці пад лозунгамі «Астравец – другі Чарнобыль!» і «Не Чарнобылю сацыяльнаму і
палітычнаму!». Такое рашэнне прынята 11 красавіка на пасяджэнні аргкамітэта па
правядзенні акцыі, піша БелаПАН.

У аргкамітэт увайшлі прадстаўнікі Партыі БНФ і яе моладзевай
структуры – “Моладзь БНФ”, Аб’яднанай грамадзянскай партыі,
Беларускай партыі “Зялёныя”, аргкамітэта па стварэнні партыі «БХД»,
кампаніі «Гавары праўду», а таксама рухаў «За Свабоду» і «Разам».

3 красавіка ў Менгарвыканкам была пададзена заяўка на
правядзенне вулічнага мерапрыемства 26 красавіка – у гадавіну аварыі на
Чарнобыльскай АЭС. Заяўнікі просяць гарадскія ўлады дазволіць збор удзельнікаў
акцыі каля тэатра оперы і балета і наступнае шэсце па вуліцы Максіма
Багдановіча да чарнобыльскай капліцы, размешчанай у раёне плошчы Бангалор.

На пасяджэнні аргкамітэта быў зацверджаны праект рэзалюцыі,
якую плануецца прыняць 26 красавіка. У ім утрымліваецца патрабаванне да ўладаў
“неадкладна спыніць” будаўніцтва атамнай электрастанцыі ў Астраўцы, а
таксама правесці кансультацыі аб мэтазгоднасці ўвядзення мараторыя на
будаўніцтва АЭС у Беларусі і абмеркаваць з грамадствам стратэгію «ўстойлівага
бяз’ядзернага развіцця Беларусі».

У праекце рэзалюцыі ўтрымліваецца патрабаванне спыніць
засваенне чарнобыльскіх зямель і прамысловую вытворчасць прадуктаў харчавання на іх, а таксама вярнуць
праграмы сацыяльнай абароны ліквідатарам аварыі на ЧАЭС і ўсім, хто пацярпеў у
выніку катастрофы.

Аўтары рэзалюцыі
таксама прапаноўваюць запатрабаваць ад уладаў «спыніць сацыяльнае і палітычнае
напружанне ў краіне», адмяніўшы дэкрэт № 3 «Аб папярэджанні сацыяльнага
ўтрыманства», і стварыць «пляцоўку для раўнапраўнага дыялога з грамадствам».

Болей навін