Арыштаваныя па «справе патрыётаў» — палітвязні!

14 красавіка 2017 09:00  |  Галоўныя навіны

Арыштаваныя па «справе патрыётаў» — палітвязні!

 

Чарговае пасяджэнне форуму «Свабоду
палітвязням» было прысвечанае захадам па абароне беларускіх патрыётаў, якім
інкрымінуюцца ч.3 артыкула 293 і артыкул 287 Крымінальнага кодэксу.

“Прысутным тут людзям даказваць, што крымінальныя справы супраць гэтых
хлопцаў сфабрыкаваныя, не трэба. Мы мусім гэта давесці да праваабарончых
арганізацый і да еўрапейскіх структур”, — адзначыў сустаршыня аргкамітэта па
стварэнні БХД Павел Севярынец.

Паводле Паўла, удзельнікі форума мусяць канцэнтраваць высілкі на тым, каб
арыштаваных праваабарончыя арганізацыі, прынамсі ПЦ “Вясна”, афіцыйна прызналі
палітвязнямі. Тады прасцей будзе ціснуць на беларускія ўлады, ў тым ліку праз
міжнародныя структуры. Пакуль што прадстаўнікі ПЦ “Вясна” паведамілі, што да
суда, калі будзе агучана поўная інфармацыя па справе, фігурантаў “справы
патрыётаў” палітвязнямі прызнаць не могуць.

Віктар Мельнікаў (бацька добраахвотніка Яна Мельнікава) адзначыў, што ў камунікацыях
з міжнароднымі структурамі трэба акцэнтаваць увагу на тым, што рэжым Лукашэнкі
пабудаваны на хлусні, і яго словам, вынікам афіцыйнага расследавання ў
дачыненні да беларускіх патрыётаў давяраць нельга.

Экс-вязень Андрэй Бандарэнка зазначыў, што нядаўняя публікацыя ў “Савецкай
Беларусі” з адназначна абвінаваўчай пазіцыяй у дачыненні да актывістаў
“Маладога Фронту” і былых сяброў “Белага легіёну” сведчыць пра тое, што справа
палітычна матываваная. З іншага боку, пакуль няма дакладнай інфармацыі, каб
мець падставы адназначна лічыць палітвязнямі некаторых фігурантаў справы.

Падчас пасяджэння таксама выступалі Ганна Шапуцька, Наталля Гарачка-Басалыга,
Алег Жалноў (бацька Аляксея Жалнова), маці Тараса Аватарава ды іншыя.

Галасаваннем было прынятае рашэнне прызнаць тых, хто праходзіць па “справе
патрыётаў” палітычнымі вязнямі. Гэта знайшло адлюстраванне ў адкрытым звароце з
патрабаваннем спыніць рэпрэсіі ў краіне, які падпісалі прысутныя.

Таксама вырашана зладзіць культурніцкі марафон з выступамі музыкаў і
мастакоў для прыцягнення ўвагі грамадскасці да сітуацыі з арыштаванымі
патрыётамі і збору сродкаў для іх і іх сваякоў.

На пасяджэнні быў агучаны пашыраны спіс тых, хто пераследуецца паводле
палітычных матываў. Акрамя фігурантаў, арыштаваных па “справе патрыётаў”, у
спіс уваходзяць Міхаіл Жамчужны, Вячаслаў Касінераў, Зміцер Паліенка, Алесь
Юркойць, Тарас Аватараў, Вадзім Бойка, Ілля Валаваік, Філіп Іваноў, Зміцер
Цэхановіч, Аляксей Жалноў (Мілюкоў), Ірына Моцная. Прысутныя падпісалі ім
паштоўкі.

Таксама было вырашана на сёлетнім “Чарнобыльскім шляху” пранесці партрэты
фігурантаў “справы патрыётаў”.

“Новы Час”

Болей навін