Хрыстос уваскрос! Сапраўды ўваскрос!

15 красавіка 2017 18:44  |  Галоўныя навіны

Хрыстос уваскрос! Сапраўды ўваскрос!

 

Беларуская
хрысціянская дэмакратыя шчыра віншуе ўсіх хрысціян і людзей добрай волі са
Светлым святам Вялікадня. Сёння мы святкуем яго ўсе разам, нягледзячы на
розніцу канфесій і дэнамінацый, на розныя календары і традыцыі.

 

І гэта з’яўляецца
вельмі важным доказам таго, што нас больш аб’ядноўвае, чым падзяляе, бо мы ўсе
верым у Сына Божага Ісуса Хрыста, які за нашыя грахі памёр на крыжы, але затым ўваскрос.
Але мы можам не толькі разам святкаваць, але і разам працаваць: у абароне жыцця,
у абароне справядлівасці і агульнага дабра, у абароне праўды і свабоды.

На жаль,
сённяшняе святкаванне зноў азмрочанае галечай сотняў тысяч беларусаў, зноў
азмрочанае страхам і рэпрэсіямі. Зноў за кратамі новыя палітвязні, затрыманыя
па абсалютна надуманых і нічым, апроч страху рэжыму, неабгрунтаваных
абвінавачваннях, заснаваных на хлусні і падмане. А ўсе мы ведаем, хто бацька
хлусні…

Мы вельмі радыя,
што ў Вялікую суботу выйшаў на волю Зміцер Дашкевіч і што Вялікдзень ён
сустрэне з сям’ёй і ў царкве. Быў вызвалены і іншы маладафронтавец – Сяргей Пальчэўскі. Але незабывайма пра дзясяткі тых, хто дагэтуль
знаходзіцца за кратамі. Наш хрысціянскі абавязак – дамагацца іх вызвалення і
рэабілітацыі. Дамагацца вызвалення ўсёй Беларусі ад рабства, хлусні і
несправядлівасці.

Пры гэтым мы
павінныя самі рабіцца лепшымі і быць прыкладам для нашых бліжніх, каб з Божай ласкай
не проста змяніць нашу краіну, а змяніць яе да лепшага! Каб жыла Беларусь, каб
жыла з Богам!

Жадаем у гэтыя
велікодныя дні шчасця, дабра і здароўя ўсім вам і вашым бліжнім!

Хрыстос уваскрос!
Сапраўды ўваскрос!

Болей навін