Міністэрства аховы здароўя: прапановы БХД па барацьбе з алкагалізацыяй запланаваны да рэалізацыі

20 красавіка 2017 15:18  |  Галоўныя навіны

Міністэрства аховы здароўя: прапановы БХД па барацьбе з алкагалізацыяй запланаваны да рэалізацыі

 

Старшыня
Хрысціянска-дэмакратычнага руху, кіраўнік Менскай гарадской арганізацыі
Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Вольга Кавалькова атрымала адказ на
калектыўны зварот грамадзян, перададзены міністру аховы здароўя Беларусі
Валерыю Малашку.

«Вашы прапановы,
выкладзеныя ў звароце па аздараўленні беларускай нацыі, памяншэнні алкагалізму
сярод моладзі і дарослага насельніцтва, запланаваныя да рэалізацыі ў рамках
выканання мерапрыемстваў падпраграмы 3», – гаворыцца ў адказе за подпісам
кіраўніка Міністэрства аховы здароўя.

Сярод прапаноў
БХД, якія запланаваны да рэалізацыі ў 2017-2018 гадах у рамках выканання
мерапрыемстваў падпраграмы 3:

1. Усталяванне адзінага
часу рэалізацыі алкагольнай прадукцыі ў аб’ектах гандлю, за выключэннем месцаў
грамадскага харчавання, якія ажыццяўляюць продаж алкагольнай прадукцыі сумесна
з гатовай кулінарнай прадукцыяй (з 9.00 да 22.00);

2. Ініцыяванне
поўнай забароны рэкламы слабаалкагольных напояў і піва ў сродках масавай
інфармацыі, на радыё і тэлебачанні;

3. Ініцыяванне
заканадаўчага замацавання забароны рознічнага гандлю алкагольнымі напоямі па-за
ізаляваных аддзелаў у крамах плошчай ад 1500 кв. метраў.

Прапановы аб абавязку
вытворцаў алкагольнай прадукцыі пералічваць частку прыбытку ад рэалізацыі
алкагольнай прадукцыі цэнтрам, якія займаюцца дапамогай і рэабілітацыяй людзей
з алкагольнай залежнасцю, а таксама за кошт падаткаў ад рэалізацыі алкагольнай
прадукцыі ствараць сацыяльную рэкламу плануецца разгледзець пры распрацоўцы
эканамічнага абгрунтавання напрамкаў і інструментаў нарматыўнага прававога
рэгулявання абароту алкагольнай прадукцыі ў Беларусі, у адпаведнасці з пунктам
51 падпраграмы 3, паведамілі ў міністэрстве.

Нагадаем, што
хрысціянскія дэмакраты праводзяць кампанію “Абаронім нашых дзяцей ад
алкаголю з 2014 года”.

«Мы працягнем і
далей працаваць над гэтай кампаніяй, бо лічым яе вельмі важнай. Мы таксама
лічым, што дзяржаўная палітыка ў галіне рэалізацыі алкаголю павінна быць больш
жорсткай, бо гэта вельмі балючае пытанне для беларускага грамадства, а рэальная
статыстыка спажывання алкаголю значна вышэй за афіцыйную», – падкрэсліла Вольга
Кавалькова.

Болей навін