Міністэрства аховы здароўя падтрымлівае абмежаванне рэкламы абортаў
Міністэрства
аховы здароўя Беларусі падтрымлівае прапановы хрысціянскіх дэмакратаў па
абмежаванні рэкламы па перапыненні цяжарнасці. Прапановы Міністэрства будуць
накіраваныя зацікаўленым пры ўнясенні зменаў і дапаўненняў у закон Рэспублікі
Беларусь “Аб рэкламе”.
Такі адказ за
подпісам міністра Валерыя Малашкі атрымалі сустаршыня Беларускай хрысціянскай
дэмакратыі Віталь Рымашэўскі і старшыня Хрысціянска-дэмакратычнага руху Вольга
Кавалькова.
“Мы
праводзім кампанію ў абарону жыцця з
2012 года і ўжо маем пэўныя поспехі. Месяц таму мы былі на прыёме ў міністра
аховы здароўя, якому перадалі частку подпісаў, якія мы збіралі ў падтрымку
нашага калектыўнага звароту з заканадаўчымі прапановамі. І зараз мы атрымалі
адказ, у якім паведамляецца, што міністэрства выступае за забарону рэкламы
абортаў і ў бліжэйшы час гэтыя прапановы будуць вынесеныя на разгляд, каб
унесці змены ў закон аб рэкламе. Мы лічым гэта адным з маленькіх, але добрых
крокаў у накірунку абароны жыцця. Мы таксама далей будзем працягваць сваю
кампанію і маленькімі крокамі рухацца да таго, каб абараніць жыццё дзяцей і
жанчын”, – адзначыла кіраўнік кампаніі “У абарону жыцця” Вольга Кавалькова.