Нямецкі экспэрт: У Беларусі павінны пачацца сур’ёзныя перамовы ўлады і апазіцыі
У Цэнтры
еўрапейскіх даследаванняў імя Вільфрэда Мартэнса, аналітычным інстытуце
Еўрапейскай народнай партыі, 10 траўня прайшла дыскусія аб Беларусі з удзелам
экспэртаў з усёй Еўропы. У ёй бралі ўдзел выканаўчы дырэктар ЦэнтраТомі
Хухтанен, прадстаўнік Беларускага нацыянальнага кангрэса, лідар грамадзянскай
кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй
Саннікаў, прадстаўнік Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі і дэпутат
Еўрапарламента Арціс Пабрыкс(Латвія).
Вёў дыскусію палітычны дырэктар Цэнтра Роланд Фройдэнштайн, паведамляе карэспандэнт Charter97.org.
Андрэй Саннікаў падчас дыскусіі заявіў:
– Беларусь сёння
перажывае самы востры крызіс з часоў распаду СССР, праз адсутнасць рэформаў,
праз адсутнасць неабходнай рэструктурызацыі эканомікі. Крызіс выяўляецца перш
за ўсё ў недахопе грошай, у крызісе аплатнага балансу. Гэта тлумачыць сённяшнюю
палітыку рэжыму, які адмаўляецца праводзіць рэформы, пра што Лукашэнка ўвесь
час публічна заяўляе.
У такой сітуацыі
ўнутраныя грошы здабываюцца двума шляхамі: першы – гэта ўвядзенне новых
падаткаў, збораў, неімавернай колькасці пабораў, каб адабраць у народа грошы;
другі – выцісканне грошай з бізнэсоўцаў. Іх у турмах сёння ў сотні разоў больш,
чым апазіцыянераў.
Людзі адрэагавалі
на рабаўніцкую палітыку пратэстамі, самымі значнымі з часоў распаду СССР. Яны
прайшлі не толькі ў Менску і абласных цэнтрах, але і ў раённых гарадах. Рэжым
адказаў сваімі звыклымі метадамі – рэпрэсіямі.
У сярэдзіне
лютага скончылася «лібералізацыя», якой ніколі і не было. Паводле звестак
праваабарончага цэнтра «Вясна», напрыклад, у 2016 годзе было ў 7 разоў больш
выпадкаў рэпрэсіяў, чым у 2015-м. У 2017 годзе выпадкаў рэпрэсій у дзясяткі
разоў больш, чым у 2016-м. Лукашэнка абрынуў на Беларусь беспрэцэдэнтныя
рэпрэсіі, якія цалкам ігнаруюць на Захадзе, нягледзячы на запэўніванні ў
адваротным. Лідар Еўрапейскай народнай партыі Жазэф Доль, напрыклад, яшчэ ў сакавіку казаў, што, калі рэпрэсіі
будуць прадаўжацца, трэба вяртаць санкцыі. Менавіта адсутнасць санкцый
падагравала Лукашэнку да новых рэпрэсій.
У нас толькі ў
так званай сфабрыкаванай «справе патрыётаў» у турме знаходзіцца
18 чалавек. Рэпрэсіі становяцца ўсё больш жорсткімі, людзей літаральна
выкрадаюць на вуліцах і нічога не паведамляюць сваякам. Па некалькі дзён сем’і
не могуць даведацца, дзе знаходзяцца іх родныя. Аднак пратэсты прадаўжаліся і
будуць прадаўжацца. Гэта сапраўды народныя пратэсты з палітычнымі
патрабаваннямі.
Апазіцыя іх
падтрымлівае. Першыя пратэсты ў сярэдзіне лютага былі арганізаваныя Беларускім
нацыянальным кангрэсам. Іншыя палітычныя сілы таксама падтрымалі народныя
выступленні, напрыклад, у рэгіёнах.
Роля Расеі. Шмат
гадоў нашы сябры на Захадзе казалі: давайце не будзем занадта ціснуць на
Лукашэнку, інакш у Беларусі будуць расейскія танкі. Вось цяпер будуць і танкі,
а вы да гэтага не гатовыя. Сітуацыя вельмі сур’ёзная. Нават намеснік міністра
замежных спраў Беларусі ўчора ў Вашынгтоне не змог
адказаць, ці пакінуць расейскія войскі тэрыторыю Беларусі пасля
манеўраў Захад-2017. Незалежнасці Беларусі пагражае рэальная небяспека,
пагражае яна і рэжыму. Расея хутчэй за ўсё прапрацоўвае сцэнары замены
Лукашэнкі, выбіраючы паміж Крымам і Данбасам.
Нягледзячы на
тое, што рэжым не мяняецца і развязаў рэпрэсіі, я ўсё ж мяркую, што для
прадухілення большай трагедыі і некантраляванага канфлікту, у тым ліку і
ўзброенага, найлепшым мірным выйсцем з’яўляюцца перамовы рэжыму і апазіцыі для
правядзення сумленных выбараў, – сказаў лідар «Еўрапейскай Беларусі».
Віталь Рымашэўскі падчас дыскусіі адзначыў, што ЕЗ вядзе
дыялог, але не мае стратэгіі ў дачыненні да Беларусі:
– Для нас гэта
вялікая праблема. Правацэнтрысцкая кааліцыя прапануе такую стратэгію:
салідарнасць з палітвязнямі і патрабаванні вызваліць палітвязняў і спыніць ціск
на грамадзянскую супольнасць; пытанне нумар адзін для Беларусі – падрыхтоўка
заканадаўчай рэформы; правядзенне мясцовых выбараў у адпаведнасці са
стандартамі АБСЕ; адначасова трэба рыхтаваць базавую дамову паміж ЕЗ і
Беларуссю, у якой была б «дарожная мапа» палітычных і сацыяльна-эканамічных
рэформаў, у распрацоўцы якіх павінны браць удзел апазіцыя і грамадзянская
супольнасць.
Рэжым будзе
прадаўжаць рэпрэсіі, бо ён напалоханы эканамічным крызісам і паводзінамі Расеі.
Гэта дае нам новыя шанцы, бо расце значэнне супрацоўніцтва рэжыму з Захадам.
Трэба ўключыць апазіцыю і грамадзянскую супольнасць ў працэс гэтага дыялогу і
быць больш моцнымі ў пытаннях выканання правоў чалавека. Надта важна, як
пройдзе сесія Парламенцкай асамблеі АБСЕ ў Менску. Калі там ня будзе апазіцыі,
гэта будзе азначаць падтрымку рэжыму.
Што да небяспекі
ўварвання Расеі ў Беларусь, еўрапейцам не трэба турбавацца, бо для Расеі няма
больш прымальнай улады ў Беларусі, чым Лукашэнка. Праз яго яны праводзяць свае
інтарэсы, – сказаў сустаршыня партыі БХД.
Дэпутат
Еўрапарламента Арціс Пабрыкс мяркуе,
што ў Беларусі Еўразвяз сутыкаецца з класічнай дылемай: як сябе весці з
недэмакратычнай дзяржавай, незалежнасці якой пагражае больш моцнае аўтарытарная
ці таталітарная дзяржава.
– У мяне няма
гатовых адказаў. Адзінае, у чым я ўпэўнены, мы не можам паводзіць сябе пасіўна
і назіраць, як памяншаюцца шанцы на дэмакратычную Беларусь і яе паступова
паглынае Расея. Я згодны з тым, што Еўропа павінна стварыць сітуацыю для мірнай
трансфармацыі праз дэмакратычныя выбары. Пры гэтым трэба разумець, што Расея
будзе супраціўляцца такому мірнаму сцэнару. Нам неабходна загадзя падумаць аб
рашучых захадах у стрымліванні магчымых агрэсіўных дзеянняў Расеі і надаць
такую ж падтрымку дэмакратыі, як Захад надаваў краінам Балтыі ў свой час, –
упэўнены еўрадэпутат.
Палітычны
дырэктар Цэнтра еўрапейскіх даследаванняў імя Вільфрэда Мартэнса Роланд Фройдэнштайн наступным
чынам падвёў вынік дыскусіі:
– Беларуская
эканоміка перажывае сур’ёзны крызіс, і імавернасць нестабільнасці ўсё ўзрастае.
Якой бы ні была
роля Расеі ў Беларусі, прыняць тое, што яна ўважае Беларусь за сферу сваіх
інтарэсаў, мы не можам.
Высокая
імавернасць крымскага і данбаскага сцэнару ў дачыненні да Беларусі ўжо сёлета.
Самае галоўнае –
Еўразвяз павінен выкарыстаць усе свае рычагі і ўплыў, каб урад Беларусі пачаў
сур’ёзныя перамовы з апазіцыяй і грамадзянскай супольнасцю, мэтай якіх былі б
свабодныя выбары.