Праграма БХД. Выбары

20 мая 2017 11:49  |  Галоўныя навіны

Праграма БХД. Выбары

 

4.4.1. Свабодныя дэмакратычныя частыя выбары з’яўляюцца асноўнай формай
функцыянавання дэмакратыі. БХД выступае за палітыку, якая засноўваецца на
свабодным волевыяўленні грамадзян. Па выніках выбараў мусяць фармавацца ўладныя
органы рэспубліканскага, павятовага і мясцовага ўзроўняў. БХД выступае за
прамое абранне Прэзідэнта, Сойма, Сената, Павятовага Старасты, Павятовага
Сойма, муніцыпальных Радаў і мэраў адміністрацыйных адзінак. Акрамя таго,
некаторыя службовыя асобы на пявятовым і мясцовым узроўнях мусяць абірацца
насельніцтвам, як, напрыклад, кіраўнік павятовай паліцыі, акружныя і міравыя
суддзі.

4.4.2. БХД выступае за ўсталяванне правілаў, па якіх выбарчы працэс будзе
празрыстым, дэмакратычным і канкурэнтным. Дзеля гэтага неабходна пазбавіць
выканаўчую уладу кантроля за падлікам галасоў – участковыя камісіі мусяць
камплектавацца з сябраў ці прыхільнікаў тых палітычных сіл ці кандыдатаў, якія
ўдзельнічаюць у выбарчым працэсе. Менавіта ім павінна аддавацца перавага пры
фармаванні выбарчых камісіяў. Акрамя ўласна зацікаўленых прадстаўнікоў
палітычных сіл браць удзел у працы выбарчых камісіяў могуць і прадстаўнікі
грамадскіх аб’яднанняў і самавылучэнцы.

4.4.3. Мы лічым неабходным замацаванне даверу да інстытуту выбараў і да
дэмакратычна абраных органаў улады. Таму працэс падліку галасоў будзе галосным
і адкрытым – усе назіральнікі змогуць свабодна сачыць за працэсам падліку
галасоў і запаўненнем пратаколаў. БХД выступае за выкарыстанне
інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогіяў у выбарчым працэсе, якія дазволяць весці
маніторынг на выбарчых участках і анлайн сачыць за выбарчым працэсам у краіне.

4.4.4. Волевыяўленне грамадзян мусіць быць свабодным. БХД выступае за
адмену датэрміновага галасавання. Замест яго прапануецца ўвесці магчымасць
галасавання на іншым выбарчым участку на аснове адмацавальнага бюлетэню. Любы
ціск на выбарцаў з мэтай прымусіць галасаваць насуперак іх уласнай волі будзе
пераследавацца і карацца паводле закону.

4.4.5. Тэхнічным арганізатарам выбараў будзе Цэнтральная выбарчая камісія,
склад якой зацвярждаецца Сенатам.

4.4.6. У выпадку непрызнання выбараў міжнароднай супольнасці БХД выступае
за поўную замену асабовага складу выбарчых камісій усіх узроўняў.

 

З праграмы БХД “Народная партыя
з хрысціянскім сэрцам”, прынятай 13 чэрвеня 2015 года

Болей навін