Справа супраць актывістаў БХД за бел-чырвона-белы сцяг спынена
У Гародні
працягваўся разгляд справы аб адміністрацыйным правапарушэнні ў дачыненні да актывістаў
БХД Сяргея і Вольгі Верамеенкаў. Іх вінавацілі паводле артыкула 23.34 часткі 3
адміністрацыйнага кодэкса – правядзенне несанкцыянаванага масавага
мерапрыемства. Фотаздымкі з нацыянальным сцягам, якія былі размешчаны у
сацыяльнай сетцы інтэрнэту міліцыянты палічылі пікетам.
Суддзя Ленінскага
раённага суда Руслан Гурын у выніку перапыніў вытворчасць па адміністрацыйнай
справе з-за адсутнасці складу правапарушэння.
Вольга Верамеенка
так пракаментавала рашэнне суда:
– Каб сказаць,
што гэта было нечакана, то калі шчыра – дзесьці ў глыбіні душы я падазравала,
што можа быць прынята такое рашэнне. Бо, па-першае, адразу, калі была
сфабрыкавана гэтая справа, я сказала, што гэта ініцыятыва Вайцешкі. І калі гэта
не загад зверху, то можа быць на нашу карысць вырашана справа. А пасля быў
вялікі розгалас.
Перанос судовага
паседжання на 30 траўня быў звязаны з выклікам міліцыянта Уладзіміра
Казлоўскага, які з-за паважных прычынаў не з’явіўся ў залу суда. Менавіта ён
фабрыкаваў справу супраць Верамеенкаў. Кажа па заканчэнні суда Сяргей
Верамеенка:
– Рашэнне суда
абсалютна лагічнае і законнае. І мы павінны радавацца нават таму, што яно
менавіта такое, якое ёсць. І мы яго не чакалі, бо, як бачыце, нават з торбамі,
заплечнікамі прыйшлі. Буду пісаць абавязкова і на спадара Вайцешку, і на
спадара Казлоўскага – на ўсіх, хто прымаў удзел у гэтым паклёпніцкім акце. Гэта
ганебная сітуацыя не толькі ў дачыненні да нас, але і да нашых нацыянальных
сімвалаў.
На судовае
паседжанне Сяргей і Вольга Верамеенкі прыйшлі з асабістымі рэчамі на выпадак,
калі б іх засудзілі да адміністрацыйнага арышту. Такое апраўдаўчае і
справядлівае рашэнне суда, на думку некаторых назіральнікаў, ніяк не звязана з
пераменамі ў правасуддзі. Суд застаецца палітычным апаратам пры разглядзе
грамадска-палітычных спраў.
Якуб
Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня. Фота аўтара