Віталь Рымашэўскі: грамата Шуневічу – акт звышцынізму, які толькі маглі праявіць беларускія ўлады

31 мая 2017 14:00  |  Галоўныя навіны

Віталь Рымашэўскі: грамата Шуневічу - акт звышцынізму, які толькі маглі праявіць беларускія ўлады

 

Узнагароджванне граматай
Нацыянальнага сходу Беларусі за дзейнасць па забеспячэнні правоў і свабод
грамадзян і за значны ўклад ва ўмацаванне законнасці і правапарадку міністра
ўнутраных спраў Беларусі Ігара Шуневіча пасля брутальнага разгону акцый
пратэсту, пасля катаванняў у ізалятарах сотняў дэмакратычных актывістаў, пасля
зняволення за кратамі дзясяткаў людзей па “Справе патрыётаў” – гэта акт
звышцынізму, які толькі маглі праявіць беларускія ўлады. Пра гэта заявіў
сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі.

“Нацыянальны сход
мае да парламентарызму і свабодных выбараў такое ж дачыненне, як і Шуневіч да
правоў чалавека – нічога агульнага. Па сутнасці дадзеная адзнака рэпрэсіўнаму органу,
МУС, які адказны не толькі за палітычныя рэпрэсіі, але і за гвалт у дачыненні
да простых грамадзян Беларусі. Доказы таму – інфармацыя пра збіццё, катаванні,
несправядлівыя арышты, а часам і смерць затрыманых у ІЧУ альбо ў РАУС па ўсёй
краіне. На фоне таго, як п’яныя супрацоўнікі МУС збіваюць насмерць людзей на
пешаходных пераходах, гэтае ўзнагароджванне з’яўляецца пляўком у твар усім
несправядліва асуджаным беларусам, усім тым, хто адчуў на сабе гвалт альбо
карупцыю з боку супрацоўнікаў МУС”, – падкрэсліў ён.

Паводле яго, Нацыянальны
сход такім чынам цалкам падзяліў адказнасць за ўсё, што адбываецца ў краіне. “Гэта
трэба даводзіць да кожнага грамадзяніна Беларусі, каб людзі ведалі, якую
пазіцыю да беларускага народу займаюць прызначаныя чальцы Нацыяльнага сходу і
каго яны пакрываюць. А для міжнароднай супольнасці гэтая падзея толькі
канстатуе неадэкватнасць беларускіх уладаў”, – адзначыў сустаршыня БХД.

Болей навін