Павел Севярынец: Хлопцаў трэба прызнаваць палітвязнямі

02 чэрвеня 2017 08:33  |  Галоўныя навіны

Павел Севярынец: Хлопцаў трэба прызнаваць палітвязнямі

 

Сустаршыня аргкамітэта па
стварэнні партыі БХД
Павел Севярынец патлумачыў, чаму ўсіх фігурантаў “справы патрыётаў” як
мага хутчэй трэба прызнаць палітвязнямі.

 

Павел Севярынец: Праваабаронцам
варта было б прызнаць хлопцаў палітвязнямі адразу, як толькі стала зразумелым,
што гэта за справа. Мы ж бачылі прапагандысцкі фільм, у якім не было нічога
акрамя хлусні. І такія ж самыя фільмы бачылі ў 2008-м годзе, у 2010-м, у 2011-м
і далей. Сёння ў тых праваабаронцаў, якія фігурантаў справы ўжо прызналі
палітвязнямі, пытанняў няма. Для тых, хто не прызнаў, на мой погляд, з кожным
днём сітуацыя становіцца ўсё больш яснай. З’яўляецца інфармацыя, што хлопцаў
катуюць, людзей выпускаюць на волю, а значыцца дэ-факта прызнана іх
невінаватасць. Таму мне здаецца, што прызнанне іх палітвязнямі – справа часу. І
калі ў некаторых праваабаронцаў маюцца юрыдычныя праблемы для такога прызнання,
то можна было б сказаць, што дэ-факта – гэта палітвязні, а дэ-юрэ мы можам
прызнаць іх пасля суда. Гэта, як мне падаецца, быў бы выхад для тых, хто
трымаецца нейкіх інструкцый ці ўнутраных дакументаў, прынятых наконт
палітвязняў.

РР: Чаму фігурантаў справы трэба прызнаць палітычнымі зняволенымі як
мага раней?

Павел Севярынец: Таму што
гэта паставіць сітуацыю ў новую якасць. Справа ў тым,, што тады еўрапейцы
пачнуць проста задаваць пытанні наконт справы ўладзе. А зараз яны не задаюць,
чакаюць выніку суда, хаця гэты суд можа адбыцца і праз паўгода, і праз год, і
праз паўтара. У нас вядомыя выпадкі, калі людзі гадамі сядзяць у следчым
ізалятары. На жаль, гэта зараз і выкарыстоўваецца. Людзі сталі фактычна
закладнікамі, і гэтую тэму прадаюць Расеі. Вось, маўляў, паглядзіце, колькі мы
налавілі беларускіх патрыётаў, а за гэта дайце нам крэдыт. Таму, натуральна,
грамадскасць мусіць прымаць нейкія меры. Хтосьці няхай дасылае лісты, нехта
моліцца альбо ладзіць акцыі салідарнасці. А ў праваабаронцаў няма іншага
выйсця, як толькі прызнаваць хлопцаў палітвязнямі. Для гэтага, на мой погляд,
зусім не абавязкова чакаць суда.

Кастусь
Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Болей навін