Віталь Рымашэўскі ў Еўрапарламенце: пытанне палітвязняў нельга пакідаць за дужкамі

28 чэрвеня 2017 11:47  |  Галоўныя навіны

 

Рэжым знішчыў
беларускую мову як сродак стасункаў. Пра гэта заявіў сустаршыня Беларускай
хрысціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі 27 чэрвеня на слуханнях у
Еўрапарламенце па Беларусі. Разам з тым, паводле яго, нягледзячы на знешнія
негатыўныя ўмовы ў апошнія гады назіраецца ўсплёск цікавасці да беларускай мовы
сярод грамадзян.

 

“Чаму ёсць такі
феномен сярод моладзі? Таму што беларуская мова, не будучы больш сродкам
стасункаў, з’яўлялася адной з каштоўнасцяў, сімвалам, які неслі апазіцыя і
дэмакратычныя сілы, і які звязаны са свабодай, дэмакратыяй, праўдай,
справядлівасцю. Шанец на адраджэнне беларуская мова мае толькі тады, калі яна
застанецца ў шэрагу гэтых каштоўнасцяў”, – падкрэсліў ён.

У сувязі з гэтым сустаршыня
БХД заклікаў ЕС размаўляць з Беларуссю на мове каштоўнасцяў. “Беларускі народ,
які выходзіць на плошчы, хай і па эканамічных прычынах, па-ранейшаму прагне
праўды, свабоды, справядлівасці. Магчыма, у яго прачынаецца і нацыянальная
самасвядомасць”, – дадаў ён, адзначыўшы, што цяпер пра важнасць незалежнасці і
беларускай мовы пачынаюць казаць і беларускія ўлады.

У выніку, маючы
такі каштоўнасны падыход, можна будаваць дыялог з беларускімі ўладамі. “Але пры
гэтым мы павінны памятаць пра цэлую карціну. Калі ЕС будзе казаць толькі пра
эканоміку, а пра правы чалавек забудзе, то гэты падыход не будзе перспектыўны
для Беларусі. Калі забыць пра тых 17 чалавек (увечары 27 чэрвеня былі
вызваленыя трое – рэд.), хто пакутуе сёння ў вязніцах, калі пакінуць гэтае
пытанне за дужкамі, то ў нас не будзе ніякіх перспектыў – ні ў Беларусі, ні ў
ЕС”, – падкрэсліў Віталь Рымашэўскі.

У супрацьвагу
заявам пра раз’яднанасць беларускай апазіцыі ён прывёў прыклад Правацэнтрысцкай
кааліцыі, якая дзейнічае ўжо два гады, і якая планы на далейшую супрацу.
Сустаршыня БХД таксама заклікаў іншых да супрацы з кааліцыяй. “Мы не проста
дэкларуем гэта, мы паказваем прыклад такой працы”, – сказаў ён, пры гэтым
падзякаваўшы Еўрапейскай народнай партыі і еўрапейскім палітыкам за прынцыповую
пазіцыю па Беларусі і па пытанні палітвязняў.

“Калі і мы
сядзелі ў вязніцы, яны слалі пасланні беларускім уладам, што рэпрэсіі трэба
спыніць. Яны і сёння праз дыпламатычныя каналы кажуць, што трэба вызваліць тых
людзей, якія знаходзяцца за кратамі. Усяго толькі два месяцы таму іх было 31
чалавек, цяпер іх менш. Іх абвінавачвалі, што яны нібыта са зброяй хацелі ўлады
браць, нават абвінавачванні знялі. Яны былі ў вязніцы – а цяпер на свабодзе.
Былі “тэрарыстамі” – а цяпер невінаватыя. Засталося яшчэ 14 чалавек (ужо 11 –
рэд.), якія знаходзяцца ў вызніцах. Мы павінны іх вызваліць”, – заявіў Віталь
Рымашэўскі.

“Мы б хацелі, каб
беларускія дэмакратычныя сілы разам з Еўрапейскім звязам, адной мовай размаўлялі
з беларускімі ўладамі. Калі ўлада дэкларуе, што ў нас ёсць супольныя
каштоўнасці (незалежнасць, беларуская мова), гэта ёсць перспектывай для
пабудовы дыялогу. Ёсць кансэнсус, калі мы можам будаваць Беларусь без
канфрантацый. Гэта правільны шлях. Але, калі мы не будзем адступаць ад
прынцыпаў, якія дэкларуе Еўразвяз, то мы захаваем і адродзім і беларускую мову,
і адродзім Беларусь і зробім яе сапраўды часткай еўрапейскай цывілізацыі”, –
заключыў сустаршыня БХД.

Болей навін