Віталь Рымашэўскі ў складзе Правацэнтрысцкай кааліцыі правёў сустрэчу з дэлегацыяй Еўрапарламенту, якая наведала Беларусь
Улады
Беларусі працягваюць збліжэньне з Эўрапейскім зьвязам і дабіваюцца прызнаньня
Эўропай беларускай Палаты прадстаўнікоў. 18 і 19 ліпеня Менск наведала
дэлегацыя Эўрапейскага парлямэнту, якую ўзначаліў польскі эўрадэпутат Богдан
Здраеўскі. Якія тэмы абмяркоўваліся падчас сустрэчы, і якія будуць вынікі
гэтага візыту? Пра гэта зь беларускімі палітыкамі і палітолягамі размаўляў
Аляксандар Папко.
У Менск прыехалі двое палітыкаў правацэнтрысцкай Эўрапейскай Народнай
Партыі – польскі эўрадэпутат Богдан Здраеўскі і прадстаўнік Нямеччыны Міхаэль
Галер. Фракцыя «Зялёных» Эўрапарлямэнту накіравала ў Беларусь прадстаўніцу
расейскай меншасьці ў Латвіі Тацьцяну Жданок. Альянс сацыялістаў і дэмакратаў у
Дэлегацыі па сувязях Эўрапарлямэнту зь Беларусьсю прадстаўляў латыскі
эўрадэпутат Андрэй Мамыкін, а групу Эўрапейскіх кансэрватараў і рэфармістаў –
палітык польскай нацыянальнай меншасьці Летувы Вальдэмар Тамашэўскі.
18 ліпеня эўрадэпутаты сустрэліся з міністрам замежных справаў Беларусі
Ўладзімерам Макеем і дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў. Як паведаміла Міністэрства замежных справаў
Беларусі, Уладзімер Макей правёў з эўрапейскімі палітыкамі «шчырую размову па
шэрагу «далікатных» тэмаў, уключаючы праблематыку правоў чалавека».
Намесьнік старшыні Палаты Прадстаўнікоў Баляслаў Пірштукзаявіўшто «Беларусь не хавае сваёй
зацікаўленасьці ў разьвіцьці адносінаў з Эўрапейскім зьвязам». Ён падкрэсьліў,
што Менск можа быць партнэрам Эўразьвязу па вырашэньні праблемаў вайсковай
бясьпекі, экалёгіі, энэргетычнай бясьпекі і нелегальнай міграцыі.
Якія мэты ставіць перад сабой Менск у перамовах з Эўрапейскімі парлямэнтарамі?
За апошнія тры гады сустрэчы паміж прадстаўнікамі беларускага ўраду і
эўрпейскімі чыноўнікамі сталі абсалютна нармальнай зьявай – зазначае палітоляг
Юры Чавусаў. Цяпер Менск хоча, каб Эўразьвяз наладзіў супрацоўніцтва і з
беларускай Палатай прадстаўнікоў.
Юры
Чавусаў:Гаворка можа весьціся пра зьмякчэньне пазыцыі
эўраперлямэнтароў. Менск хоча, каб Эўрапейскі парлямэнт адмовіўся ад жорсткіх
рэзалюцыяў, у якіх пераважна крытыкуецца сытуацыя з правамі чалавека. Другое
важнае патрабаваньне – гэта ўключэньне Нацыянальнага сходу Беларусі ў Euronest.
Далучэньне Палаты Прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу да Асамблеі
міжпарляменцкага супрацоўніцтва краінаў Усходняга партнэрства Euronest сапраўды
было адной з галоўных тэмаў перамоваў у Менску. Гэта пацьвярджае сустаршыня
аргкамітэту па стварэньню партыі Беларуская хрысьціянская дэмакратыя Віталь
Рымашэўскі. Ён быў адным з удзельнікаў сустрэчы Дэлегацыі Эўрапарлямэнту з
прадстаўнікамі беларускіх апазыцыйных рухаў і партыяў, якая адбылася прайшла 19
ліпеня.
На ёй, акрамя лідара БХД прысутнічалі кіраўнікі Руху «За свабоду» й
Аб’яднанай грамадзянскай партыі, дэпутатка Палаты Прадстаўнікоў Ганна
Канапацкая, а таксама прадстаўніца грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду»
Тацьцяна Караткевіч.
Лідарамі беларускай апазыцыі і эўрадэпутаты размаўлялі пра рэпрэсіі, якія
пракаціліся па Беларусі гэтай вясной, эканамічную і палітычную сытуацыю ў
краіне а таксама пра выбары ў мясцовыя саветы дэпутатаў, якія пройдуць у
сакавіку будучага году.
Віталь
Рымашэўскі:Абмяркоўваліся і вынікі сустрэчаў з прадстаўнікамі ўладаў, і
палітычная сытуацыя ў Рэспубліцы Беларусь, перамены, якія адбыліся пасьля
веснавых акцыяў пратэсту, сытуацыя з правамі чалавека, будучыя мясцовыя выбары,
неабходнасьць зьменаў у Выбарчым кодэксе. Мы абмеркавалі шырокі спэктар тэмаў.
Эўрапейскі зьвяз не зьбіраецца зачыняць вочы на парушэньне беларускімі
ўладамі правоў грамадзянаў – падкрэсьліў Віталь Рымашэўскі. Наадварот, масавыя
арышты і штрафы ўдзельнікаў сакавіцкіх пратэстаў адсунулі пэрспэктывы
далучэньня дэпутатаў Палаты Прадстаўнікоў да Эўранэсту – заявіў лідар БХД.
Віталь
Рымашэўскі:Калі да масавых рэпрэсіяў, якія разгарнулі ўлады ўзімку і
ўвесну, пытаньне ўдзелу ў Euronest’е стаяла на павестцы дня й беларуская
дэлегацыя магла разьлічваць на поўнае ўключэньне ў працу гэтай асамблеі, то
цяпер на павестцы дня не стаіць нават пытаньне запрашэньня Палаты прадстаўнікоў
у якасьці назіральнікаў бе права голасу.
Беларускія СМІ заявілі, што трое з пяці ўдзельнікаў Дэлегацыі па сувязях
Эўрапарлямэнту зь Беларусьсю прадстаўляюць прарасейскія рухі краінаў Балтыі.
Тацьцяна Жданок і Андрэй Мамыкін, напрыклад, выступалі супраць таго, каб
пакараць Расею санкцыямі за анэксію Крыму.
«Выбарчая акцыя палякаў Летувы» Вальдэмара Тамашэўскага, у сваю чаргу,
знаходзіцца ў кааліцыі з арганізацыямі расейскай меншасьці Летувы, таму па
Расеі займае стрыманую пазыцыю. Склад дэлегацыі не азначае, што ў палітыцы
Эўрапейскага парлямэнту ў стасунку да Беларусі наступілі нейкія радыкальныя
зьмены – падкрэсьлівае Віталь Рымашэўскі.
Віталь
Рымашэўскі:Спадар Богдан Здраеўскі і спадар Міхаэль Галер зьяўляюцца
сябрамі Эўрапейскай народнай партыі, якая шмат у чым вызначае палітыку
Эўрапейскага зьвязу ў стасунку да Беларусі. Меркаваньні іншых асобных дэпутатаў
могуць мець месца, яны могуць быць нават больш адыёзнымі, чым тыя, якія можна
сустрэць у Беларусі. Аднак, яны мала на што ўплываюць.
Палітоляг Юры Чавусаў, камэнтуючы склад дэлегацыі, заклікаў «на навешваць
ярлыкоў». Нават удзел у дэлегацыі палітыкаў, якія займаюць прыхільныя Расеі
пазыцыі зусім не азначае, што палітыка Эўразьвязу ў стасунку да Беларусі
аддадзеная ў рукі «пракрамлёўскіх сілаў».
Юры
Чавусаў:Прадстаўнік «Выбарчай акцыі палякаў Летувы» прадстаўляе ў
Эўрапейскім парлямэнце фракцыю Эўрапейскіх кансэрватараў і рэфармістаў. Яна
займае, напэўна, найбольш антырасейскую пазыцыю з усіх фракцыяў Эўрапарлямэнту.
А навешваньне ярлыкоў і абвінавачваньне эўрадэпутатаў у прарасейскасьці толькі
спрыяюць пракрамлёўскім поглядам на тое, то адбываецца ў беларуска-эўрапейскім
дыялёгу. Яго прадстаўляюць як, нібыта, здачу Беларусі ў сфэру ўплыву Расеі.
Якія практычныя вынікі будзе мець візыт у Менск дэпутатаў Эўрапейскага
парлямэнту? Казаць пра хуткія матэрыяльныя выгады менавіта гэтага візыту цяжка
– лічыць Юры Часвусаў.
Паляпшэньне палітычных стасункаў з Эўрапейскім зьвязам дапаможа Беларусі
атрымаць крэдыты Эўрапейскага банку рэканструкцыі й разьвіцьця. Аднак для
грунтоўнага паляпшэньня эканамічнай сытуацыі патрэбныя сыстэмныя крокі:
уступленьне ў сусьветную гандлёвую арганізацыю, прыватызацыя дзяржаўных
прадпрыемстваў, гарантаваньне правоў уласнасьці.
«Незалежна ад стасункаў з Брусэлем беларуская эканоміка застаецца закрытай
і рэгуляванай дзяржавай. Таму я ня думаю, што для простага беларускага
грамадзяніна наладжваньне стасункаў з Эўразьвязам будзе мець хуткі эканамічны
эфэкт», – падсумаваў Юры Чавусаў.
Аляксандар Папко, Польскае
Радыё