Рэжым пачаў супраць БХД кампанію дыскрэдытацыі
Пра гэта на адмысловай прэс-канферэнцыі заявілі сустаршыні Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Павел Севярынец і Віталь Рымашэўскі, і адказны сакратар партыі Дзяніс Садоўскі.
Як паведаміў Павал Севярынец, колькасць правакацый з боку спецслужбаў, якія выяўляюцца ў паклёпніцкіх відэароліках, замоўных артыкулах у СМІ і допісаў сацыяльныя сеткі пасля сёлетніх вясновых пратэстаў, у арганізацыі якіх важную ролю адыгрывалі хрысціянскія дэмакраты, прыкметна ўзрасла. Кампанія па дыскрэдытацыі стала насіць сістэмны характар і нагадвае, паводле Віталя Рымашэўскага, медыйную вайну.
Зараз колькасць відэаролікаў, якія трапляюць у публічную прастору, ідзе на дзясяткі, колькасць рассылак, дзе скажаецца і дыскрэдытуецца дзейнасць актывістаў БХД, ідзе на сотні. Асабліва моцны націск ананімных прапагандыстаў-паклёпнікаў прынялі на сябе актывісты БХД Віцебскай вобласці і тых гарадоў, дзе БХД узначаліла пратэсты – Менску, Гародні, Магілёва, Бабруйска, Маладэчна.
Удзельнікі прэс-канферэнцыі распавялі пра шэраг сайтаў, якія ў сваіх публікацыях асацыююць БХД з дэструктыўнымі таталітарнымі сектамі, выстаўляюць актывістаў радыкаламі і гамафобамі. Таксама быў паказаны фрагмент прапагандысцкага відэафільма, паказанага 16 ліпеня 2017 года па канале БТ-4, дзе паведамляецца, што БХД, падтрымліваючы прытулак для бяздомных у в. Аляксандраўка Шчучынскага раёна, зарабляе на гэтым грошы і цынічна піярыцца.
Такую хваравітую рэакцыю ўладаў на дзейнасць хрысціянскіх дэмакратаў у сацыяльным накірунку сустаршыні БХД тлумачаць тым, што дзяржава, якая бярэ на сябе адказнасць за сацыяльную абарону грамадзян, не дае рады ў сацыяльнай падтрымцы людзей у крызісныя часы. Грошы, якія выдаткоўваюцца на гэта, выкарыстоўваюцца неэфектыўна альбо раскрадаюцца.
Хваля паклёпаў набірае моц. Прычына, паводле выступоўцаў, — набліжэнне восеньскіх масавых пратэстаў і мясцовай кампаніі, якая пройдзе без міжнародных назіральнікаў, у сувязі з чым узрасце роля кампаніі «Права выбару», чаканае абвастрэнне сацыяльнага становішча і звязаных з гэтым пратэстаў, а таксама магчымы рост негатыўнай рэакцыі ў грамадстве на расійска-беларускія вайсковыя вучэнні. Пры гэтым, паводле выступоўцаў, БХД за апошні год правяла больш 400 грамадскіх сацыяльных кампаній, чым заваявала пэўны аўтарытэт сярод людзей.
Дзяніс Садоўскі паведаміў, што на два найбольш адыёзныя сайты, якія рэгулярна размяшчаюць паклёпніцкія матэрыялы ў адносінах да БХД падрыхтаваная заява ў Генпракуратуру. Заяўнікі просяць праверыць матэрыялы на адпаведнасць заканадаўству, выявіць іх аўтараў і пакараць паводле артыкула 188 ч.2 Крымінальнага кодэкса («паклёп»). Таксама падобная заява падрыхтаваная па факце паказу на беларускім тэлебачанні стужкі пра прытулак у в. Аляксандраўка, у якой зневажаецца БХД. Сёння гэтыя заявы будуць перададзеныя адрасату.
«Падобныя заявы ў пракуратуру рыхтуюць таксама нашы партнёры. Рэакцыя дзяржорганаў на нашы заявы будзе своеасаблівым тэстам: ці маюць яны дачыненне да паклёпаў, ці не. Сайты, якія распальваюць варожасць і агрэсію павінны быць пакараныя», — адзначыў Віталь Рымашэўскі.