Севярынец напісаў заяву на БТ за «Званок сябру»
Сустаршыня
БХД Павал
Севярынец накіраваў у пракуратуру і Першамайскі раённы
аддзел Сьледчага камітэту Менску заявы аб распаўсюдзе асабістай таямніцы ў
фільме «Званок сябру» дзяржаўнага тэлеканалу «Беларусь-1», перадае «Вясна».
У перадачы,
піша Севярынец, былі распаўсюджаныя зьвесткі пра ягоную тэлефонную размову зь
лідэрам «Маладога фронту» Зьмітром Дашкевічам. Гэта
ён лічыць парушэньнем закону аб СМІ і артыкула 28 Канстытуцыі Беларусі (які
гарантуе кожнаму права на абарону ад супрацьпраўнага ўмяшаньня ў прыватнае
жыцьцё і таямніцу перапіскі і тэлефанаваньняў) і Міжнароднага пакту аб
грамадзянскіх і палітычных правах.
Севярынец просіць пракуратуру і СК правесьці праверку і выявіць
асобаў, вінаватых у парушэньні ягонага права на таямніцу асабістага жыцьця.
Гэта далёка
ня першы выпадак праслухоўваньня беларускіх палітыкаў і нават ня першы — калі
размовы палітыкаў дэманстраваліся на дзяржаўнай тэлевізіі. Паводле беларускіх
законаў, КДБ можа легальна слухаць любыя тэлефонныя
размовы любога чалавека ў краіне. Санкцыю на гэта можна атрымаць як ад
пракурора, так і ад старшыні КДБ або Сьледчага камітэту (іншымі словамі, КДБ і
СК могуць самі сабе дазволіць праслухоўваньне).
У канцы
ліпеня на дзяржаўную ТВ — тэлеканал АНТ —падаў
у суд Вячаслаў
Касінераў, якога ў сюжэце АНТ вядоўца і начальнік менскай міліцыі
называлі вінаватым да прызнаньня ягонай віны судом і якому «прыпісалі» тры
эпізоды з крымінальнай адказнасьцю за псаваньне маёмасьці (насамрэч гэта было
на той момант аднойчы).