МУС падтрымала прапановы БХД па дэалкагалізацыі беларускага грамадства
Кіраўнік кампаніі Беларускай хрысціянскай дэмакратыі “Абаронім нашых дзяцей ад алкаголю”, лідар Сацыяльна-хрысціянскага руху Вольга Кавалькова вітае прапановы ўладаў забараніць продаж алкаголю пасля 23.00 у магазінах і на АЗС, пра якія 6 верасня заявіў начальнік упраўлення прафілактыкі МУС Алег Каразей.
“Я рада, што ідзе размова і дыскусія на гэтую тэму. Мы у межах кампаніі ужо тры гады займаемся даследаваннямі, аналізам досведу іншых краін і лабіяваннем заканадаўчых прапаноў у органах улады. За гэты час пад калектыўнымі зваротамі у падтрымку нашых прапаноў паставілі свае подпісы больш за 30 000 грамадзян. І спадзяюся, што ўсё ж такі ў хуткім часе будуць прыняты заканадаўчыя абмежаванні продажу алкаголю, пра якія ідзе размова ўжо каля года”, – адзначыла яна.
Паводле яе, Міністэрства ўнутраных спраў і Мінаховы здароўя – гэта тыя структуры, якія больш за іншых разумеюць і бачаць шкоду ад празмернага ўжывання алкаголю. “А абмежавальныя меры – гэта адзіны эфектыўны спосаб зменшыць ужыванне. Забараняць продаж нельга і неэфектыўна, але абмежаваць час продажу і вынесці алкаголь у асобныя аддзелы, а таксама не прадаваць алкаголь на АЗС і выбарчых участках – гэта нармальная практыка іншых краін. Таксама важна якасць алкаголю, тое, што называецца «чарнілам» – гэта адзінае, што трэба забараніць”, – падкрэсліла Вольга Кавалькова.